English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Мінчукі супраць ушчыльненай забудовы

29/11/09

Актывісты Руху “За Свабоду” дапамагаюць жыхарам вуліц Коласа і Калініна юрыдычна аформіць пратэст, каб прымусіць чыноўнікаў прыслухацца да іх патрабаванняў.


Жыхары дамоў № 30 і 32 што на вуліцы Калініна патрабуюць не распачынаць будаўніцтва элітнага дому ў квартале малапавярховай забудовы мінулага стагоддзя.


Па-першае, гэта істотна пагаршае камфортнасць пражывання старажылаў з прычыны памяншэння зялёных зонаў, падвышэння ўзроўню вулічнага шуму (вырубаецца значная частка дрэваў) і зніжэння інтэнсіўнасці дзённага асвятлення кватэр існуючых дамоў (шматпавярховік будзе замінаць пранікненню сонечных промняў);


Па-другое, у непасрэднай блізкасці да будаўнічай пляцоўкі  знаходзіцца дом, пабудаваны ў 1937 годзе, які цудам захаваўся пасля Вайны і праз сваю ўнікальнасць і мае пэўную каштоўнасць як элемент архітэктурнага ландшафту сталіцы. Інтэнсіўныя будаўнічыя працы (забіванне палёў) пагражае старажытнаму дому разбурэннем.


Па-трэцяе, тэрыторыя, на якой збіраюцца будаваць элітны шматкватэрнік, пасля вайны сталася фактычна стыхійнымі могілкамі. Зямля раней належала Мінабароны. У пасляваенныя дзесяцігоддзі месцічы знаходзілі на ёй косткі ваеннапалонных.


Жыхары кварталу заўважаюць, што забудоўшчыкі маняць, калі кажуць, маўляў, будуецца сацыяльнае жытло. Згодна праекта, пад домам будзе паркінг з машынамесцамі коштам 25 тысяч даляраў.


Да таго ж, шматкватэрны хмарачос на 104 кватэры будзе парушаць архітэктурны ансамбль забудовы вуліцы Якуба Коласа, дзе даму не перавышаюць 4 паверхі.


На сустрэчы жыхароў прысутнічаў мінскі каардынатар Руху “За Свабоду” Юрась Меляшкевіч, які заявіў, што Рух “За Свабоду” падтрымлівае жыхароў у змаганні за іх правы на прыстойныя ўмовы пражывання:


– Абурае, што падрыхтоўка да будаўніцтва вялася без кансультацый з людзьмі, інтарэсы якіх наўпрост закранаюцца. Калі ў двары высеклі амаль усе дрэвы, па газонах праклалі праезды для будаўнічай тэхнікі, людзі пачалі выказваць справядлівае незадавальненне. Такое стаўленне да людзей павінна быць пакарана. Ужо напісаны зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю, у якім мы распавялі пра канфліктную сітуацыю і ўсе парушэнні.


Як паведаміў Юрась Меляшкевіч, ПАГА Руху «За Свабоду» дапамагае жыхарам у зборы подпісаў супраць будаўніцтва шматкватэрнага гмаху , напісанні зваротаў да чыноўнікаў Мінгарвыканкама. Ён кажа, што Рух і надалей намераны аказваць людзям усю магчымую прававую дапамогу.


Усе навіны