На месцы былога канцлагеру капаюць котлішча
У раёне вуліц Якуба Коласа і Калініна, дзе падчас Другой сусветнай вайны загінула 140 тысяч чалавек, пачалі будаваць элітны дом.
Шматкватэрны дом з паркінгам будуе ААТ "Мапід" па замове Мінгарвыканкаму. Будаўнікі ўжо спілавалі некалькі дзесяткаў шыкоўных шматгадовых дрэваў, праклалі па зялёнай зоне праезды для будаўнічай тэхнікі і ўжо пачалі рыццё катлавана. Дзеяннямі будаўнікоў кіруе прадстаўнік ЖБК "Імклівы" спадар Васілевіч.
Жыхары суседніх дамоў абураныя новабудам з шэрагу прычын. Актывісты Руху "За Свабоду" падтрымліваюць людзей і гатовыя надалей аказваць арганізацыйную дапамогу.
Адна з істотных прычынаў пратэсту супраць будаўніцтва дома − прызначаны пад забудову кавалак зямлі з'яўляецца месцам гібелі 140 тысяч мінчукоў. У 1941-1944 гадах тут быў канцэнтрацыйны лагер савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў. Тут жа ўсталяваныя адпаведныя памятныя знакі. Даведка пра тое, што на гэтым месцы загінулі пад час вайны мінчукі, пацвердзіла загадчыца аддзелу культуры адміністрацыі Першамайскага раёну.
Улічваючы, што замоўцам пабудовы дома фактычна з'яўляюцца дзяржаўныя структуры, жыхары квартала, рыхтуюць зварот да кіраўніка краіны з просьбай неадкладна спыніць будаўніцтва шматкватэрнага дому, бо гэта, на іх думку, з'яўляецца глумленнем над памяццю ахвяр Другой сусветнай вайны.
Усе навіны



