Аляксандр Мілінкевіч: Улады заганяюць у кут самі сябе
Лідэр Руху "За Свабоду" каментуе пакаранне актывістаў “Маладая Беларусь”, якія зладзілі перфоманс каля ўнівермага "Беларусь", суткамі адміністрацыйнага арышту.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, вяртанне практыкі адміністрацыйных арыштаў шкодзіць іміджу Беларусі і не будзе спрыяць наладжванню эканамічнай супрацы з ЕЗ.
− Улады заганяюць у кут самі сябе. Сярод еўрапейскіх палітыкаў няма адназначнага стаўлення да таго, якую палітыку праводзіць у дачыненні да беларускага рэжыму. Рэпрэсіі ў любым выглядзе дадуць дадатковыя аргументы прыхільнікам ізаляцыі нашай краіны. Курс на збліжэнне ЕЗ з Беларуссю, на эканамічную дапамогу з боку Захаду на мадэрнізацыю нашай гаспадаркі можа быць перагледжаны з прычыны брутальных, не апраўданых па жорсткасці дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да сваіх грамадзян.
Лідэр Руху "За Свабоду" лічыць, што з боку Расіі, беларускаму кіраўніцтву не выпадае чакаць дапамогі ва ўмовах крызісу:
− У той жа час становіцца зразумела, што Расія не збіраецца ісці на саступкі, што тычыцца эканамічнага і нават палітычнага супрацоўніцтва з сённяшнімі ўладамі. Газпрам катэгарычна адмаўляецца адкласці запланаванае падвышэнне коштаў на газ (з новага году ён падвысіцца на 12%), а таксама, у якасці акцыянера "Белтрансгаза", выказвае жаданне падвысіць тарыфы на газ для беларускіх спажыўцоў. Расея за захаванне ў наступным годзе льготных цэнаў на нафту патрабуе ад беларускага боку за бясцэнак аддаць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Менавіта Масква навязала Беларусі Мытны саюз на ўмовах, які не адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны, − лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Нагадаем, 2-га снежня моладзевыя актывісты зладзілі каля ўнівермага "Беларусь" перфоманс. Яны прапанавалі ўсім ахвотным кідаць яйкі ў малюнак вусатага чалавека з надпісам: "Не любіш рэжым − кінь у мяне". Міліцыя затрымала Андрэя Кузьмінскага, Паўла Пракаповіча, Насту Машчаву і Рыгора Баброва. Пракаповіча і Баброва пакаралі 15 суткамі кожнага, Андрэя Кузьмінскага – 7 суткамі.
Усе навіны



