Прадпрымальнікі Ждановічаў нечакана сталі ўладальнікамі нерухомасці? (фота)
Усім гаспадарам модуль-ралетаў, што працуюць на буйнейшым сталічным рынку прапанавана заплаціць падатак на "кіёскі".
Пра гэта паведаміў актывіст Руху "За Свабоду", індывідуальны прадпрымальнік Алесь Таўстыка. Ён зважае, што, паводле Закону, сярод іншага аб'ект нерухомасці мусіць быць зарэгістраваны ў БТІ і абавязкова мець фундамент. Модуль-ралеты, якія чыноўнікі палічылі нерухомасцю, нічога гэтага не маюць і таму не могуць з'яўляцца аб'ектамі нерухомасці.
− Альбо гэта нам такі падарунак: мы нечакана сталі уладальнікамі нерухомасці, якую адпаведна можна закласці у банк, узяць крэдыты, папоўніць абаротныя сродкі, альбо чыноўнікі настолькі некампетэнтныя, што не могуць разабрацца з уласнымі юрыдычнымі дакументамі, − паўжартам абураецца Алесь Таўстыка.
У падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёну Мінска паведамілі, што налічэнне падатку на нерухомасць рабілася ў адпаведнасці з артыкулам 2 "Аб'ект падаткаабкладання, падатковая база" Закону Рэспублікі Беларусь "Пра падатак на нерухомасць". Выглядае на тое, што мае месца юрыдычная калізія.
Прадпрымальнікі таксама здзіўлены, што падатковая інспекцыя налічыла падатак, ацаніўшы кошт "кіёскаў" у 16 мільёнаў рублёў, у той час, як модуль-ралеты купляліся за 3 мільёны, пра што сведчаць дакументы. Чыноўнікі нават не падрыхтавалі заключэнне пра кошт аб'ектаў, на падставе якога налічваецца падатак.
Індывідуальныя прадпрымальнікі Ждановічаў рэгулярна сплачваюць усе падаткі і арэндную плату. Памер сумы, якую прапануецца дадаткова заплаціць ІП адносна не вялікі, каля 32 тысяч. Законнасць дадатковага падатку даволі спрэчная. Магчыма разлік робіцца менавіта на тое, што мала хто захоча з-за драбязы разбірацца. Улічваючы, што на рынку працуе каля сямі тысяч прадпрымальнікаў, дзяржава дадаткова атрымае больш за 70 тысяч даляраў.


Усе навіны



