"Рэпартаж з закрытай краіны" (фота)
Адбыўся другі дзень арганізаванага Рухам "За Свабоду" паказу фільмаў чэшскага фестывалю "Адзіны свет".
Кінастужка "Бірма VJ – Рэпартаж з закрытай краіны" прысвечана працы мясцовых журналістаў ва ўмовах жорсткай дыктатуры Бірмы. Прысутныя (паглядзець стужку прыйшлі каля пяцідзесяці чалавек) адзначалі пэўныя паралелі з беларускай сітуацыяй са свабодай СМІ.
Арганізатар паказу Ірына Бохан кажа, чаму мінскім гледачам была прапанавана гэта стужка:
− Нам чэшскія сябры перадалі шэсць кінастужак з фестывалю "Адзіны свет". Мы вырашылі абраць для паказу сёння менавіта гэтую. Яна быццам бы не адлюстроўвае праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, але ў той жа час, з прычыны пэўных паралеляў, вельмі цікавая для беларуса.
Паводле аднаго з арганізатараў імпрэзы Андрэя Сушко, роля незалежных СМІ ў рэфармаванні аўтарытарных рэжымаў надзвычай важная.
− Дзякуючы падобным фільмам свет даведваецца пра парушэнні правоў чалавека, пра складаную працу журналістаў у аўтарытарных дзяржавах. Грамадзяне дэмакратычных краін уплываюць на свае ўрады, каб у змаганні з аўтарытарнымі рэжымамі рабілася належная падтрымка.
Пасля прагляду стужкі гледачам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе на праваабарончую тэматыку. Жадаючыя пісьмова адказалі на шэраг закрытых пытанняў, датычных стварэння і арганізацыі дзейнасці ААН. Паводле арганізатараў конкурсу, ён дазволіць пашырыць веды ўдзельнікаў у праваабарончай галіне. Пераможцаў чакаюць прызы.
Нагадаем, 9 снежня адбудзецца паказ чэшскай стужкі "Сіла бяссільных", якая распавядзе пра важнасць для развіцця грамадзянскай супольнасці прааналізаваць і зрабіць высновы з памылак мінулага. Паказ пачнецца а 18.30 у канферэнц-залі гатэлю Crown Plaza. Уваход вольны. Рэгістрацыя па тэлефоне (+37529)3312681.




Усе навіны



