Аляксандр Мілінкевіч наведаў рок-каранацыю, уручыў кветкі яе пераможцам
28 лютага адзіны кандыдат аб'яднаных дэмакратычных сілаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандр Мілінкевіч прыняў удзел у культавым музычным фестывалі "Рок-каранацыя ' 2005". Палітык з'явіўся на імпрэзу са сваёй жонкай.
Аляксандр Мілінкевіч з захапленнем выслухаў першае аддзяленне, у каторым выступілі каманды з розных рэгіёнаў Беларусі "Al Narrator Orchestra" (Гомель), "Сьцяна" (Брэст), "Глюкі" (Магілёў), "Айша" (Гродна), "Восьмы дзень" (Віцебск), "Фляус и Кляйн" (Наваполацк), пераможца "Рок-каранацыі 2002" "Крамбамбуля".
У антракце кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч аказаўся ў цэнтры ўвагі журналістаў, фатографаў. Журналістаў, пераважна музычнага профілю, цікавіла, якія песні спадабаліся кандыдату, ці выйдзе ён на сцэну, ці падабаецца яму беларуская рок-музыка. Аляксандр Мілінкевіч уразіў сваёй дасведчанасцю ў музычных пытаннях, а Іна Кулей адзначыла з першага аддзялення выступ магілёўскага гурта "Глюкі".
Сапраўднай нечаканасцю для публікі стала з'яўленне Мілінкевіча ў фае. Ён адразу быў акружаны сотняй хлопцаў і дзяўчатаў, якія прасілі Мілінкевіча на супольны фотаздымак і аўтограф. Палітык распісваўся на сваіх перадвыбарчых улётках і каляндарыках, на спецвыпусках "Народнай волі" і дысках "Песьні свабоды".
У другім аддзяленні Аляксандра Мілінкевіча са сцэны павіталі музыкі Піт Паўлаў і Аляксандр Куллінковіч. Са свайго боку "адзіны" разам з жонкай павіншавалі букетамі кветак уладальнікаў рок-каронаў Лявона Вольскага і Русю. На кожны выхад Аляксандра Мілінкевіча да сцэны публіка рэагавала авацыяй.
Галоўную рок-карону атрымаў гурт "J-mors", але на атрыманне ўзнагароды і на выступленне не з'явіўся. У распаўсюджанай пазней заяве музыкі патлумачылі сваю адмову "нежаданнем удзельнічаць у палітычных і каляпалітычных мерапрыемствах", маўляў, "прысутнасць аднаго з кандыдатаў на прэзідэнта і яго ўдзел ва ўзнагароджванні, на жаль, надало імпрэзе палітычную афарбоўку". Ад сябе адзначым, што гэта быў прыватны візіт Аляксандра Мілінкевіча, палітык быў без аховы і на роўні з іншымі ўручаў кветкі пераможцам.
Пасля канцэрту Аляксандр Мілінкевіч працягнуў раздачу аўтографаў наведвальнікам канцэрту.
Усе навіны


