Замест слуханняў – палітінфармацыя (фота)
Мінчукі прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам адміністрацыі Першамайскага раёна, каб публічна задаць пытанні па сацыяльных і экалагічных праблемах раёну, аднак людзям давялося выслухоўваць маналог мясцовых уладаў.
Старшыня райвыканкама Мікалай Котаў распавёў пра захады па паляпшэнню арганізацыі працы чыноўніцкага апарату з насельніцтвам, пра мерапрыемствы па паляпшэнню жыллёвых умоў жыхароў раёну, пра цякучку кадраў у ЖЭСах.
Калі жыхары спрабавалі задаваць пытанні па канкрэтных праблемах раёну (знішчэння Севастопальскага парку, ліквідацыя дзіцячых садкоў, празмернае ушчыльненае будаўніцтва на вуліцы Калініна), старшыня райвыканкама эфектна сыходзіў ад адказу і мяняў тэму размовы.
– У вас ёсць пытанні? Пішыце нам іх на паперках. Мы потым кожнаму адкажам прыватным чынам, – заявіў кіраўнік раёну.
Задаваць тон размовы чыноўніку было нескладана, улічваючы той факт, што магчымасць выступіць з трыбуны атрымлівалі выключна прадстаўнікі мясцовых уладаў: галоўны санітарны ўрач, кіраўнік раённай міліцыі, загадчыца аддзелу адукацыі.
Галоўны санітарны ўрач, прачытаўшы лекцыю пра прафілактыку грыпу і ВРВІ, не прамінуў пахваліцца высокай якасцю пітной вады, якую удаецца падтрымліваць апошнія дзесяцігоддзі. Ён, натуральна прамаўчаў пра закрыццё тых самых свідравін Севастопальскага парку, што даюць чыстую ваду. Гэтую тэму паспрабавала ўзняць на сходзе грамадскасць.
Актывісты Руху “За Свабоду” таксама прысутнічалі на сходзе грамадзян. Рух “За Свабоду” актыўна дапамагаў неабыякавым жыхарам раёну збіраць подпісы, складаць афіцыйныя звароты адказным асобам, аказваў іншую арганізацыйную падтрымку.
Удзельнікі сходу спрабавалі казаць чыноўнікам пра пілаванне дрэваў у Севастопальскім парку, закрыццё свідравін пітной вады, пракладку ў зоне адпачынку цеплатрасы пад будаўніцтва шматпавярховых гмахаў. На думку неабыякавых жыхароў раёну, іх парк – “лёгкія” раёну, і ахоўны бар’ер, што перашкаджае шкоднаму уздзеянню завода “Тэрмапласт”.
¬Кіраўнік раённай адміністрацыі адсунуў усе прэтэнзіі тэзай пра тое, што “хутарская ідэалогія нас прывядзе ў джунглі”, Мінск будзе развівацца і пашырацца ў тым ліку за кошт свабодных лапікаў зямлі раёну. Чыноўнік у сваім запале мабыць забыўся, што пра неабходнасць абмежаваць рост насельніцтва сталіцы ня так даўно заявіў кіраўнік краіны.
Людзі задавалі непрыемныя пытанні кіраўніку Першамайскага РУУС пра адсутнасць недахоп патрулявання ў цёмны час сутак, пра праблему публічнага спажывання алкагольных напояў каля школ і дзіцячых садкоў, пра немагчымасць дазваніцца (ніхто не падымае слухаўку) у апорны пункт правапарадку, калі ў гэтым узнікае патрэба, пра праблему капрамонту, дэфіцыт беларускамоўных школ і класаў. На усе гэтыя пытанні спрактыкаваныя ў рыторыцы чыноўнікі давалі звыклыя фармальныя адказы.




Усе навіны



