Жыхары Гарадзеншчыны ўстаюць на абарону сябраў каманды Мілінкевіча
У Гарадзенскай вобласці агітацыйная кампанія за кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча ахапіла Гародню, Ваўкавыск, Смаргонь, Ашмяны, Астравец, Наваградак, Свіслач, Карэлічы, Дзятлава, Ліду, Слонім і іншыя гарады і мястэчкі вобласці. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі'97 паведаміў кіраўнік Гарадзенскага абласнога штаба адзінага кандыдата Анатоль Хацько. Міліцыя спрабуе перашкодзіць правядзенню агітацыйных пікетаў, аднак на абарону актывістаў каманды адзінага кандыдата становяцца мясцовыя жыхары.
У гарадах і мястэчках Гарадзенскай вобласці распаўсюджваюцца буклеты з інфармацыяй пра Аляксандра Мілінкевіча і газета "Народная воля" з яго праграмай, расстаўляюцца стэнды з партрэтамі адзінага кандыдата, вядзецца тлумачальная праца.
Супрацоўнікі міліцыі па некалькі раз на дзень правяраюць дакументы ў актывістаў выбарчай кампаніі, часам затрымліваюць і вязуць у пастарунак, аднак, па словах А. Хацько, у выніку адпускаюць, паколькі ніякіх законных падстаў для перашкодаў выбарчай кампаніі ў міліцыянтаў няма.
Тым не менш, сёння ў Гародні каля уласнай хаты быў затрыманы намеснік кіраўніка Гарадзенскага гарадскога выбарчага штаба адзінага кандыдата Вадзім Саранчукоў.
- Па схеме, якая стала класічнай, Вадзіма Саранчукова абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку. Сёння ўвечары яго павінны судзіць, і цалкам могуць арыштаваць на 15 сутак. Мы не сумняемся, што гэта звязана выключна з актыўнай дзейнасцю Саранчукова ў штабе Аляксандра Мілінкевіча, -- заявіў Анатоль Хацько.
Міліцыя спрабуе перашкодзіць правядзенню агітацыйных пікетаў, аднак на абарону актывістаў каманды адзінага кандыдата становяцца мясцовыя жыхары.
- Міліцыянты па некалькі раз на дзень падыходзяць да актывістаў нашай каманды, правяраюць дакументы, выклікаюць калегаў званнем вышэй і пакідаюць у супакой, калі які-небудзь маёр або падпалкоўнік не загадае адпусціць агітатараў. Увогуле, толькі адымаюць час. На празмерную ўвагу міліцыі да інфармацыйных пікетаў вельмі актыўна рэагуе насельніцтва. Як правіла, людзі сцяной устаюць на абарону сябраў нашай каманды і патрабуюць пакінуць у супакой і даць працаваць. Міліцыя змушаная падпарадкоўвацца, -- распавёў кіраўнік Гарадзенскага абласнога выбарчага штаба Мілінкевіча.
Усе навіны


