Актывісты Віцебску выступаюць ў абарону Сяргея Каваленкі
Сябры КХП БНФ, БХД, Руху “За Свабоду” заклікаюць да салідарнасці з чалавекам, які затрыманы за вывешванне нацыянальнага сцягу ў цэнтры Віцебска.
− Сяргей Каваленка здзейсніў выключна мужны ўчынак, бел-чырвона-белы сцяг Хрыста быў узняты на галоўнай вышыні Віцебска на свята Нараджэння Хрыстовага. Гэта вельмі сімвалічна. Мужнасць, з якой быў здейснены гэты ўчынак нагадвае нам подзвігі легендарнага Мірона. Зараз мы павінны зрабіць усе магчымае, каб абараніць героя: выявіць сваю салідарнасць, данесці да беларускай і міжнароднай супольнасці інфармацыю пра гэты выпадак, каб у Беларусі не з’явіўся чарговы палітвязень. Рэжым спрабуе падаць учынак Каваленкі як крымінальную справу, але насамрэч – гэта гераізм, − адзначыў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
− Тое, што ўлады падаюць учынак Сяргея як злоснае хуліганства, сведчыць аб іх непісьменнасці і цынізме. Гэта сімбалічна, што Сяргей на святочнай ялінцы, над чырвонай зоркай, якая асацыюецца з мільёнамі закатаванных падчас камуністычнага рэжыму, усталяваў божы сцяг. Сваім учынкам ён ад імя ўсёй Беларусі засведчыў, што мы хочам ісці ў будучыню з нашай гісторыяй і з Богам. Рух "За Свабоду", БНФ, уся дэмакратычная супольнасць, сумленныя віцебчане салідарны з Сяргеем і яго сям'ёй. Мы акажам яму ўсю магчымую дапамогу і падтрымку. Гэта − наш гонар і наш абавязак, − заяўляе каардынатар Руху "За Свабоду" па Віцебшчыне Хрыстафор Желяпаў.
Нагадаем, Сяргей Каваленка, затрыманы 7 студзеня за вывешванне на вяршыні галоўнай ялінцы Віцебска, што ўсталявана на плошчы Перамогі, бел-чырвона-белага сцяга. Міліцыя намерана прад'явіць абвінавачванне па крымінальным артыкуле. Паводле паведамлення прэс-службы БХД, разгляд справы Сяргея Каваленкі верагодна адбудзецца 11 студзеня. Група падтрымкі заклікае неабыякавых грамадзян з 10 да 14 і з 15 да 18 гадзінаў прыносіць у ізалятар для Сяргея Каваленкі рэчы і ежу (тэлефон Віцебскага ІЧУ 219 846).
Усе навіны



