Актывісты ўшанавалі памяць абаронцаў Брэста (фота)
Сябры Руху "За Свабоду", Партыі БНФ, актывісты Маладога Фронту і "Дзедзіча" ўсклалі кветкі на месца, дзе 350 год таму брэстчукі гераічна змагаліся з маскоўскімі атрадамі князя Хаванскага.
Брэсцкі замак, куды прыйшлі сучасныя брэстчукі, каб ушанаваць памяць загінулых у баях з захопнікамі гараджан, быў апошнім фарпостам супраціву. У студзені 1660 года горад быў узяты рускімі войскамі.
Усяго ў памятнай іпрэзе ўзялі ўдзел каля 20 чалавек.
Актывісты усклалі букет кветак з надпісам "Героям, што баранілі Брэст ад атрадаў Хаванскага ў 1660 годзе", запалілі памятныя свечкі. Гісторыкі і краязнаўцы распавялі прысутным пра гэтую сумную падзею ў гісторыі горада.
− Мы вырашылі пачаць збор подпісаў пад лістом у Брэсцкі гарвыканкам з патрабаваннем усталяваць памятны знак. Мы будзем настойваць на стварэнні спецыяльнай камісіі па разгляду гэтага пытання і нашым удзеле ў яе працы, − распавядае брэсцкі каардынатар Руху "За Свабоду" Дзяніс Турчэняк.
Нагадаем, Дзяніс Турчэняк летась у верасні прапанаваў чыноўнікам усталяваць памятны знак, прысвечаны гістарычнай падзеі 1660 года, аднак гарвыканкам палічыў гэта немэтазгодным.





Усе навіны



