На сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам прыйшло ў тры разы больш людзей, чым прывезлі на “ўсебеларускі сход” да Лукашэнкі
Цэнтр Мінска быў перакрыты з самай раніцы. У Палац Рэспублікі аўтобусамі звозілі дэлегатаў так званага “ўсебеларускага народнага сходу”. Кастрычніцкая плошча была абнесеная спецыяльным агароджаннем і ачэпленая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным і ў форме. Прапускалі на плошчу толькі па спецпрапусках. У выніку рух на праспекце Скарыны (Незалежнасці) ўвесь дзень быў блакаваны.
Перад 18.00 была ачэплена і плошча Свабоды, дзе з выбарцамі сабраўся сустрэцца адзіны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч. Аднак гэта не спыніла людзей - вуліца Леніна каля плошчы Свабоды была запоўненая тысячамі людзей, якія хацелі сустрэцца са сваім кандыдатам. Яны трымалі ў руках партрэты Аляксандра Мілінкевіча, расцяжкі “Свабода!”, “Мілінкевіч”, луналі бел-чырвона-белыя сцягі с выявай Маці Божай Мінскай. Актывісты моладзевых рухаў паднялі на дрэўкі джынсавыя кашулі. Людзі скандзіравалі “Мілінкевіч!”, “Жыве Беларусь!”, “Свабода! Праўда! Справядлівасць!”
Кіраўнікі Штаба Аляксандра Мілінкевіча заклікалі людзей прайсці да Палаца спорту на праспект Машэрава (Пераможцаў). Павольна і арганізавана народ пайшоў па тратуарах у бок праспекта, аднак дарогу ім перакрылі сотні супрацоўнікаў унутраных войск, ПСМП і СОБРа. Сілавікі былі экіпаваны для сілавой акцыі: са шчытамі, у шлемах і з дубінкамі. Спрабуючы запужаць людзей, яны гучна грукалі дубінкамі па шчытах і выкрыквалі баявы кліч. Аднак пагрозлівы выгляд сілавых кардонаў не спужаў людзей - яны смяяліся, смела гледзячы ў закрытыя забраламі твары міліцыянтаў, і скандзіравалі “Ганьба!”
Перад сцяной сілавікоў устаў Аляксандр Мілінкевіч. Ён спрабаваў заклікаць да сумлення кожнага з іх, прасіў не ўжываць сілу супраць свайго народа. Затым адзіны кандыдат і яго давераныя асобы выступілі на прыступках спартыўнага цэнтра “Працоўныя рэзервы”. Аляксандра Мілінкевіча і тысячы яго прыхільнікаў узялі ў кола супрацоўнікі сілавых структур, але актыўных дзеянняў супраць людзей яны ўжыць не адважыліся. Кандыдат і яго каманда выступілі перад людзьмі.
- Я гляджу вам у вочы і веру, што мы зможам перамагчы, таму што за намі большасць, за намі свабода, праўда і справядлівасць. Зараз нас не пусцілі на плошчу Свабоды, але свабода - гэта не плошча, а стан душы, - сказаў адзіны кандыдат.
|
|
|
Аляксандр Мілінкевіч заклікаў выйсці 19 сакавіка ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Мінска, каб падвесці вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Адзіны кандыдат зняў з сябе сіні шалік і заявіў:
- Я хачу, як лідэр “Зубра” Мікіта Сасім, які, калі яго збівалі падчас мірнай акцыі 16 верасня, падняў замест сцяга сінюю джынсавую кашулю, падняць зараз свой сіні шалік і сказаць: Сіні – наш колер!
Усе навіны


