Еўропа вызначае стратэгію адносна Беларусі
Падчас сваіх візітаў у Брусель і Берлін Аляксандр Мілінкевіч абмяркуе з вядучымі еўрапейскімі палітыкамі вынікі і далейшыя перспектывы дыялогу Беларусі з ЕЗ і праграмы "Усходняе парнёрства".
1 лютага ў лідэра Руху "За Свабоду" запланаваны выступ у Бруселі перад высокапастаўленымі службоўцамі еўрапейскіх інстытуцыяў і прадстаўнікамі еўрапейскіх амбасадаў, акрэдыдаваных у бельгійскай сталіцы. Тэма выступу -- магчымасці і перспектывы "Усходняга партнёрства" для Беларусі. На вечаровы выступ Аляксандра Мілінкевіча зарэгістравалася больш за 70 удзельнікаў. У аўторак лідэр Руху правядзе шэраг сустрэч у Еўрапарламенце, дзе, сярод іншых, будзе абмяркоўвацца пытанне удзелу Беларусі ў Асабмлеі Еўранест.
У сераду 3 лютага Аляксандр Мілінкевіч выступіць з лекцыяй і адкажа на пытанні ў рамках дыскусіі, арганізаванай нямецкай Радай па знешняй палітыцы, дзе будуць прысутнічаць дэпутаты Бундэстага, прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў і дыпламатычнага корпусу, нямецкія эксперты. Галоўная тэма выступу -- выклікі і магчымасці еўрапеізацыі Беларусі.
Рада па знешняй палітыцы бярэ актыўны ўдзел у фармаванні знешняй палітыкі Нямеччыны з 1955. Гэты незалежны інстытут стала запрашае нямецкіх і замежных экспертаў, палітыкаў і ўплывовых асобаў з палітычнай, эканамічнай, навуковай і мэдыйнай сфераў для абмеркавання важных пытанняў знешняй палітыкі і бягучай сытуацыі ў свеце.
Усе навіны



