Каля тысячы жыхароў Ліды прыйшлі на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам
Прыезд Аляксандра Мілінкевіча ў Ліду выклікаў, без перабольшвання, велізарную зацікаўленасць у гараджан. Каля тысячы лідчан прыйшлі на сустрэчу з адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. Мерапрыемства адбылося ўвечары 3 сакавіка з 18 да 20 гадзін ў раённым культурным цэнтры.
Першапачаткова адміністрацыя выдзеліла для сустрэчы малую залу ўмяшчальнасцю 240 чалавек, аднак наплыў людзей аказаўся такі вялікі, што кіраўнікі цэнтра далі згоду адкрыць вялікую залу на 800 месцаў. І ўсё адно месцаў не хапіла: народ стаяў у праходах.
Аляксандр Мілінкевіч агучыў сваю праграму, а потым каля паўтары гадзіны адказваў на пытанні: аб эканоміцы, сацыяльных праблемах, адносінах з Расіяй, сітуацыі ва Украіне, сваім асабістым жыцці.
"Беларусь - транзітная краіна, мы павінны сябраваць і з Захадам, і з Усходам. Толькі на транзіце можна зарабіць два-тры цяперашнія беларускія бюджэты. Тое, што ў нас на заходняй граніцы ўзведзенга "кітайская сцяна", - абсалютна няправільна", - заявіў Аляксандр Мілінкевіч.
Кандыдат паабяцаў у выпадку прыходу да ўлады ініцыяваць адмену дазвольнага штампа ў пашпарце для выезду за мяжу. Акрамя таго, паводле яго слоў, ўжо ёсць дамоўленасць з еўрапейскімі краінамі аб зніжэнні, а ў шэрагу выпадкаў аб адмене платы за візы.
Перад прысутнымі выступіў таксама прадстаўнік эканамічнага ўпраўлення Лідскага райвыканкама. Ён расказаў аб поспехах раёна, аб прытоку інвестыцый і стабільнай працы прадпрыемстваў. Прамова выклікала неадабрэнне ў прысутных. Сваім досведам, уласнымі прыкладамі яны разбурылі паветраны замак, які збудаваў чыноўнік.
4 сакавіка Аляксандр Мілінкевіч працягне паездку па Гродзенскай вобласці. Днём ён сустрэнецца з выбаршчыкамі ў абласным цэнтры, а затым накіруецца ў Ваўкавыск і Слонім.
Усе навіны

