Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з Рональдам Пафалам
Лідэр Руху “За Свабоду” правёў перамовы ў нямецкім урадзе і выступіў з лекцыяй у аўтарытэтным нямецкім даследчым цэнтры.
У сераду 3 лютага лідэр Руху “За Свабоду” сустрэўся ў ведамстве федэральнага канцлера з міністрам Рональдам Пафалам. Асноўная тэма сустрэчы -- як зрабіць больш эфектыўнай палітыку дыялогу, у правядзенні якой выбітную ролю грае Нямеччына. Як падкрэсліў на самым пачатку Аляксандр Мілінкевіч, сёння няма пазітыўнай альтэрнатывы дыялогу. Пазіцыя Еўрасаюзу павінна быць добразычлівай, але цвёрдай. Рональд Пафала, які даўно цікавіцца Беларуссю, перадаў вітанні ад канцлера Ангелы Меркель і запэўніў, што пытанні правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў па-ранейшаму прыярытэтныя для Нямеччыны.
Увечары Аляксандр Мілінкевіч таксама выступіў з публічнай лекцыяй адказаў на пытанні больш 120 прадстаўнікоў нямецкай экпертнай супольнасці, урадавых і няўрадавых арганізацыяў і бізнесу, сабраных у Радзе па знешняй палітыцы.
“Наша доўгатэрміновая мэта – сяброўства ў Еўрапейскім звязе, але сёньня на парадку дня стаяць пытанні рэфармавання Беларусі з дапамогай аб’яднанай Еўропы. Сёння ўжо і ўлада прызнае, што галоўны партнёр у мадэрнізацыі Беларусі – Еўрапейскі звяз. Расія – статэгічны партнёр назаўсёды, але мы павінны жыць у асобных дзяржавах і будаваць адносіны па прыкладу пасляваеннай Фінляндыі. У выпадку Беларусі тэрмін “фінляндызацыя” азначае захаванне палітычнай і эканамічнай незалежнасці, нейтралітэт, шчыльнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расіяй ды курс на еўраінтэграцыю”, -- сказаў лідэр Руху. Аляксандр Мілінкевіч таксама звярнуўся да грамадскасці і палітыкаў Нямеччыны з заклікам паскорыць вырашэнне праблемы коштаў шэнгенскіх візаў для беларусаў.
Адказваючы на пытанне пра пагрозы выхаду ўладаў з Усходняга партнёрства, Аляксандр Мілінкевіч зазначыў: “Я спадзяюся, што ўлада не будзе рабіць такі самазабойчы крок для самой сябе і для краіны. Трэба карыстацца з прадстаўленага шансу, а не працягваць гульню ва ўльтыматумы”.
Выступ Аляксандра Мілінкевіча выклікаў вялікую цікавасць. На сустрэчы прысутнічалі шмат маладых людзей, дзяржаўных службоўцаў, журналістаў ды бізнесоўцаў, а таксама былыя амбасадары ў Беларусі Ганс-Георг Вік і Марцін Хекер, былы дэпутат Бундэстагу Маркус Мекель.
Такая цікавасць да Беларусі з боку найбуйнейшай краіны Еўразвязу – зарука поспяховай далейшай працы па еўрапеізацыі нашых суграмадзянаў, падзякваў прысутных лідэр Руху “За Свабоду”.
Усе навіны



