Аляксандр Мілінкевіч збірае на Гродзеншчыне поўныя залы
- Сённяшняя Беларусь часта жыве не па кішэні. Пакуль народ не стане заможным, улада павінна быць сціплай, прэзідэнт не мае права будаваць сабе помнікі пры жыцці, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч 4 сакавіка ў Ваўкавыску, адказваючы на пытанне, як у выпадку абрання прэзідэнтам ён плануе мяняць сістэму ўлады.
Зала Гарадскога дому культуры з Ваўкавыску сёння не змагла змясціць усіх ахвотных сустрэцца з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам. Паслухаць і задаць пытанні новаму лідэру беларускіх дэмакратычных сіл прыйшло 600 жыхароў Ваўкавыска. Людзі стаялі нават на вуліцы. Актывістам мясцовага Штабу адзінага кандыдата давялося выводзіць на вуліцу гукаўзмацненне. На сустрэчы прысутнічала таксама кіраўніцтва мясцовай выбарчай камісіі.
Александр Мілінкевіч казаў у Ваўкавыску пра адмену прымусовай кантрактнай сістэмы найму, пра рэформу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пра рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады, пра сацыяльныя стандарты для Беларусі.
Адказваючы на пытанне ці верне новая ўлада магчымасць для беларусаў неабмежавана ўвозіць з-за мяжы легкавыя аўтамабілі, Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што яго праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі прадугледжваецца рэзкае змяншэнне пошлінаў на ўвоз аўтамабіляў з-за мяжы, а па шэрагу пазіцый пошліны будуць цалкам адмененыя, і дадаў:
- Нашай праграмай прадугледжана пабудова ў Беларусі нашага, беларускага, завода легкавых аўтамабіляў. Не патрыманы, а новы аўтамабіль – вось, што стане сацыяльным стандартам у новай Беларусі.
У сваім выступе перад жыхарамі Ваўкавыска Аляксандр Мілінкевіч закрануў і праблему рэфармавання сістэмы існуючай улады.
- Такой архаічнай сістэмы ўлады няма нідзе ў Еўропе, Беларусь засталася ў мінулым стагоддзі. У нас фактычна кожны чыноўнік, ад верху да нізу, прызначаецца, а не выбіраецца. Так быць не павінна, чыноўнік любога рангу абавязаны адказваць у першую чаргу перад людзьмі, народам, а не перад тымі, хто гэтага чыноўніка паставіў на пасаду. Гэтую сістэму трэба рэфармаваць – рэфармаваць спакойна, паслядоўна, але ўпэўнена, - сказаў кандыдат у прэзідэнты.
Аляксандр Мілінкевіч адзначыў таксама, што і сёння ва ўладзе шмат прыстойных людзей, прафесіяналаў, кожны з якіх будзе патрэбны і новай Беларусі.
- Умова адна – гэты чыноўнік павінен быць чыстым і сумленным перад законам, не быць заплямленным у фальсіфікацыі выбараў, - падкрэсліў адзіны кандыдат.
У гэтыя хвіліны ў Слоніме ў Цэнтры адпачынку “Мір” праходзіць чарговая сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі.
Усе навіны


