Чаму хаваюць якасны склад выбарчай камісіі?
Прыхільнікі Руху “За Свабоду” заўважылі, што ў надрукаваным у раённай газеце спісе тэрытарыяльнай выбарчай камісіі не пазначана месца працы яе сябраў.
У раённай грамадска-палітычнай газеце “Светлае жыццё” № 12 ад 2 лютага 2010 года надрукаваны спіс сябраў Лельчыцкай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. Аднак, каля прозвішчаў сябраў камісіі не пазначана іх месца працы.
Між тым, месца працы і пасада сябра камісіі мае істотнае значэнне. Паводле артыкула 35 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, дзяржслужбоўцы могуць складаць не больш траціны склада выбарчай камісіі. Засакрэчванне гэтай інфармацыі можа паставіць пад пагрозу выкананне адпаведнай нормы Закону, а таксама супярэчыць артыкулу 13 ВК, паводле якога падрыхтоўка і правядзенне выбараў павінна ажыццяўляцца галосна і адкрыта.
Падчас аналізу якаснага складу Лельчыцкай раённай выбарчай камісіі высветлілася, што старшыня камісіі Людміла Турко, вылучаная ад “Беларускага саюзу жанчын”, працуе начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Лельчыцкага райвыканкама, Мікалай Гаўрыловец, вылучаны шляхам збору подпісаў, з’яўляецца начальнікам Лельчыцкага энерганадзору. У складзе камісіі таксама дырэктарка Лельчыцкай кінасеткі Валянціна Ляшчынская, начальніку праектна-сметнага бюро райвыканкама Уладзімір Краўчук, начальніца Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Наталля Шышканава. Усе яны вылучаліся альбо ад грамадзян, альбо ад ГА кшталту “Белай Русі”.
Такім чынам, пад выглядам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і грамадзян у складзе выбарчай камісіі апынулася даволі шмат дзяржслужбоўцаў, што стварае пагрозу парушэння артыкула 35 ВК.
Усе навіны



