Eжы Бузэк і Аляксандр Мілінкевіч: Беларускія ўлады робяць крокі, якія супярэчаць лібералізацыі
На думку старшыні Еўрапарламента і лідэра Руху “За Свабоду”, на ўзмацненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці цалкам адэкватным адказам з боку Еўразвязу будзе спыненне эканамічнай супрацы з афіцыйным Мінскам.
Крэдытная, а таксама іншая фінансавая дапамога з боку МВФ і краін аб’яднанай Еўропы можа быць прыпынена. Еўразвяз не намераны спрыяць дзяржаве, у якой узмацняюцца таталітарныя тэндэнцыі і адсутнічае прагрэс у сферы дэмакратызацыі ды шанавання правоў чалавека. Менавіта да такой высновы прыйшлі Ежы Бузэк і Аляксандр Мілінкевіч пасля размовы сам на сам, якая доўжылася больш за гадзіну.
− Пазіцыя і наша, і Еўрапарламенту вельмі простая: дыялог не можа весціся дзеля дыялогу. Павінны быць вынікі. Захады Еўразвязу, накіраваныя на развіццё дыялогу, даюць плён: наша гаспадарка ва ўмовах крызісу атрымала істотную падтрымку з боку МВФ ды іншых структураў. З боку Беларусі прагрэсу не назіраецца, наадварот пачаліся працэсы, якія сведчаць пра ўзмацненне рэпрэсіяў. Калі няма крокаў насустрач, ЕЗ вымушаны спыніць дапамогу і чакаць крокаў з боку Беларусі. Падчас размовы я звяртаў увагу еўрапейскай супольнасці, што рэпрэсіі супраць незалежнага Саюзу палякаў Беларусі− гэта не рэпрэсіі супраць нацыянальнай меншасці. Яны з’яўляюцца прыкладам пераследу грамадзянскай супольнасці, таксама як пераслед БХД, МФ, журналістаў, якіх затрымліваюць і арыштоўваюць. У такіх умовах вядзенне дыялогу немагчымае. Такая палітыка ўладаў антыбеларуская, бо яна шкодзіць нацыянальным інтарэсам краіны, − перакананы Аляксандр Мілінкевіч.
Ежы Бузэк выказаўся пра неабходнасць ставіць эканамічную падтрымку ў прамую залежнасць ад паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. У той жа час, еўрапейскія палітыкі лічаць, што ўжыванне ўласна эканамічных санкцыяў не прынясе жаданага эфекту, але моцна адаб’ецца на жыцці простых грамадзян.
На думку лідэра Руху “За Свабоду”, паколькі беларускія ўлады не робяць намаганняў стаць сумленнымі партнёрамі ЕЗ, рэакцыя з боку аб’яднанай Еўропы адназначна будзе. Не можа быць супрацы з краінай, якая грэбуе еўрапейскімі каштоўнасцямі. Еўразвяз не пойдзе на кампраміс у пытаннях правоў чалавека.
Аляксандр Мілінкевіч таксама выказвае шкадаванне, што Беларусь губляе час, не набліжаючыся да стандартаў цывілізаванага свету. Адказнасць за гэта лідэр Руху “За Свабоду” цалкам ускладае на сённяшнія ўлады.
Канчатковае рашэнне адносна Беларусі будзе прынятае на пленарнай сесіі Еўрапарламента на наступным тыдні, дзе будзе разглядацца беларускае пытанне. Бліжэйшым часам нашу краіну наведаюць чатыры еўрадэпутату, якія, акрамя вырашэння пытанняў, звязаных з Еўранэстам, прааналізуюць і ацэняць бягучую сітуацыю з правамі чалавека.
Аўдыёзапіс сумеснай прэсавай канферэнцыі Ежы Бузэка і Аляксандра Мілінкевіча тут.
Усе навіны



