Гомельскі актывіст абскарджвае нерэгістрацыю ў абласным судзе
Падставай адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Пятра Кузняцова сталася перавышэнне заяўленай колькасці яе сябраў. Актывіст лічыць такое рашэнне абсурдным.
Каардынатар Руху “За Свабоду” па Гомельшчыне Пётр Кузняцоў абскардзіў рашэнне тэрытарыяльнай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў пра нерэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы ў абласную выбарчую камісію па дзьвух пунктах. Па-першае, група магла быць зарэгістравана ў колькасці дзесяці чалавек, як таго патрабуе Выбарчы кодэкс, і як, дарэчы, рабіла ў аналагічных выпадках гарадская камісія. Па-другое, згодна з законам, выбаркам абавязаны аказваць прэтэндэнтам ды кандыдатам усялякую падтрымку, ў тым ліку – інфармацыйную. Гэта, ў прыватнасці, азначае, што, заўважыўшы недарэчнасць, чыноўнікі павінны былі указаць на яе і даць магчымасць яе выправіць.
Аднак скарга засталася без задавальнення, хаця ў той жа дзень і тая ж самая камісія ў падобнае сітуацыі зарэгістравала ініцыятыўную групу іншага прэтэндэнта.
У выніку 25 лютага Пётр Кузняцоў накіраваў позву ў Гомельскі абласны суд. Але, як распавёў актывіст, зараз ён уздымае ўжо якасна іншы бок праблемы.
− Згодна з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязкамі Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, кожны грамадзянін мае права на кіраванне як асабіста, так і праз законна абраных прадстаўнікоў. Літаральна гэта азначае, што кожны мае права вылучаць кандыдата на тую ці іншую пасаду. Ня толькі галасаваць, але і вылучаць, бо удзел кожнае асобы у такім выпадку можа быць вырашальным: а ну як без яго ягоны прадстаўнік ня будзе вылучаны? У гэтае частцы крытэры удзелу ў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах цалкам слушныя, бо не абмяжоўваюць колькасьць грамадзянаў дзеля вылучэння прадстаўніка на выбарчыя пасады. А што да выбараў мясцовых, то тут дзейнічае ўжо дыскрымінацыйны прынцып, і гэта выдатна бачна на маім выпадку: атрымліваецца, што дзесяць грамадзянаў маюць права вылучыць мяне кандыдатам у дэпутаты, а яшчэ адзінаццаць ужо ня маюць такога права. Чыстае вады дыскрымінацыя!, - лічыць Пётр Кузняцоў.
Актывіст распавёў, што ўзнятая праблема, на ягоную думку, павінна дайсці да Канстытуцыйнага суду.
− Грамадзяне Беларусі сёння пазбаўленыя права непасрэдна звяртацца да Канстытуцыйнага суду з тым, каб ініцыяваць разгляд таго ці іншага закону на адпаведнасць Канстытуцыі. Але ў сваёй позве мы патрабуем, каб гэта зрабіў абласны суд, і даводзім свае аргументы. Калі нашая пазіцыя не знойдзе паразумення ў Беларусі, мы будзем звяртацца ў міжнародныя інстанцыі па правах чалавека.
Нагадаем, 19 лютага акруговая камісія № 19 па выбарам у Гомельскую абласную раду адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнае групы Пятра Кузняцва на тае падставе, што актывіст падаў спіс чальцоў групы з 21 чалавека, у той час як у Выбарчым кодэксе агаворваецца, што група не павінна складаць больш за 10 чалавек.
Усе навіны



