English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Калі людзі актыўныя, праблемы вырашаюцца

04/03/10

На думку актывістаў Руху «За Свабоду» Ганцавічаў, асвятленне лакальных праблемаў у СМІ і асабістыя сустрэчы грамадзян з чыноўнікамі з'яўляюцца эфектыўнымі крокамі па вырашэнню набалелых пытанняў.


Актывісты Руху «За Свабоду» Ганцавічаў прааналізавалі звароты жыхароў ў газету «Ганцавіцкі час» і сваю працу за студзень-люты.


Як высветлілася, на раённым узроўні многія праблемы, з якімі звяртаюцца жыхары, далёка не заўсёды знаходзяць разуменне і падтрымку ў мясцовых чыноўнікаў.
Так, жыхары кааператыўнага дома па вуліцы Кастрычніцкай 68, пасля выяўлення недаробкаў шмат разоў звярталіся да будаўнікоў, да чыноўнікаў райвыканкаму, але істотных дзеянняў па выпраўленню хібаў тыя не прымалі. Пасля гэтага жыхары арганізавалі сход, куды запрасілі і супрацоўніка незалежнай газеты «Ганцавіцкі час». На сходзе было прынятае рашэнне напісаць зварот і патрабаваць ад мясцовых уладаў тэрміновага прыняцця мераў па выпраўленню недаробак.


Жыхары ва ўльтыматыўнай форме заявілі, што, калі сітуацыі не выправіцца, яны будуць вымушаны звяртацца ў дзяржкантроль і ініцыяваць правядзенне аўдытарскай праверкі ўсёй будоўлі, а страты спаганяць у судовым парадку.


Літаральна праз некалькі дзён пасля сходу і атрымання прэтэнзій камісія ў складзе падрадчыкаў будаўнічай арганізацыі ПМК-7, райвыканкама і праекціроўшчыкаў абследавала дом і абяцала ў некаторых кватэрах замяніць падлогу і столь, выраўняць сцены і выправіць іншыя недахопы. А недаробкі па даху абяцалі зрабіць вясной.
Праўда, да работы прыступілі толькі пасля выхаду 15 студзеня ў газеце «Ганцавіцкі час» артыкула «Кааператыўны дом здалі з недаробкамі».


Практыка ў Ганцавіцкім раёне паказвае, што ад актыўнасці грамадзян і якасці публікацый у газеце «Ганцавіцкі час», многія праблемы вырашаюцца. Важным пры гэтым з'яўляецца, калі пасля зваротаў грамадзян журналісты не толькі асвятляюць сам факт праблемы, але і высвятляюць прычыны, спосабы іх вырашэння  і пазіцыю адказных чыноўнікаў.


Часам здараецца так, што  яшчэ на этапе высвятлення праблемы, чыноўнікі вымушаны прымаць меры, каб ў прэсе не праходзіла інфармацыя аб іх бяздзейнасці. Так у нумары «ГЧ» за 29 студзеня выйшаў артыкул «Калі няма вады вінаваты мароз». Жыхары 18-кватэрнага дома ўзнялі праблему адсутнасці ў доме вады, якая перамерзла. Чатыры дні людзям прыходзілася хадзіць за вадой за 300 метраў да калонкі. Кожны можа ўявіць, што жыць ва ўмовах калі ні памыцца, ні прыгатаваць ежу, ні схадзіць у прыбіральню – гэта нялёгкае выпрабаванне. Спачатку камунгасаўцы не рэагавалі на шматлікія званкі і звароты жыльцоў. Калі да гэтай справы падключыліся журналісты газеты, ужо на наступны дзень на доме працавала брыгада, якая ўрэшце адагрэла вадаправод.


Сумеснымі дзеяннямі ганцаўчане і газета «ГЧ» дамагліся частковага вырашэння праблемы з нізкай тэмпературай ў раённай бальніцы, якое хвалявала сотні жыхароў. Паведамленні на «гарачую лінію» газеты, разбіральніцтвы аб прычынах холаду ў палатах і публікацыя «У бальніцы лечаць марозатэрапіяй» за 5 лютага, прымусіла кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя прыняць меры, пасля чаго ацяпленне ў бальніцы палепшылася.


Палепшылася абслугоўванне ў райбальніцы пасля актыўнасці грамадзян, якія скардзіліся на вялікія чэргі ў паліклініцы, з-за чаго людзі не маглі па некалькі дзён трапіць на прыём да ўрача ці прайсці камісію. Пасля артыкула «Чэргамі ў паліклініцы хворых не вылечыш» у газеце «Ганцавіцкі час» за 19 лютага быў перагледжаны графік прыёму некаторых кабінетаў, што зняло напружанасць людзей і чэргі паменшыліся.


Але ж трэба ўлічыць, што гэта адбываецца ў сукупнасці з актыўнасцю і адкрытай пазіцыяй саміх грамадзян, якія не застаюцца раўнадушнымі да грамадскіх праблем.
Дзейснымі мерамі аказаліся і некаторыя звароты жыхароў да кіраўнікоў служб і ведамстваў вобласці. Немала было хадакоў да старшыні дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Валянціна Абрамчука. Іх хвалявалі не толькі асабістыя пытанні, але і грамадскія. Адным з такіх было пытанне па ахове прыроды, дзе людзі скардзіліся на тое, што ў горадзе знішчаюць алею з векавых дубоў і іншыя дрэвы. І гэта праходзіла нават у той дзень, калі гэты чыноўнік з КДК вёў прыём. Ізноў жа, райвыканкам, экалагічныя службы горада на звароты грамадзян не рэагавалі, адмаўлялі прадаставіць рашэнне аб дазволе на спілаванне дрэваў. Таму людзі прадаставілі абласному чыноўніку нават фотаздымкі варварскага знішчэння дрэваў. І ён паабяцаў разабрацца.


Сітуацыя з пілаваннем дрэваў таксама адлюстравана ў артыкуле «ГЧ» за 19 лютага «Дзікая ахова прыроды». А вось ці будзе ў райвыканкама рашэнне, ці аплаціў лясгас грошы,  за тое, што валіў здаровыя дрэвы – хутка стане вядома.


Зараз актыўна ідзе праца па вырашэнню дзвух важных праблем, якія выявіліся ў Ганцавічах і вёсцы Раздзялавічы. Першая тычыцца скасавання дагавароў і адключэння ад цэнтральнага ацяплення больш за сотню прыватных дамоў з 1 траўня 2010. Па гэтаму пытанню ганцаўчане ўжо звярнуліся ў КДК, але адказу пакуль няма.


А другая праблема – адключэння электрычнасці  і водазабеспячэння ў аграгарадку Раздзялавічы вяскоўцам, якія маюць падсобную гаспадарку. Гэта таксама больш за 100 сямей, якіх вымушаюць застацца ў вёсцы без каровы і свіней, а гэта фактычна без яды і сродкаў да існавання, бо вольных месцаў працы ў гэтай адной з самых аддаленых ад райцэнтра вёсцы, практычна няма. І гэта, калі не лічыць збору чарніц і журавін, для многіх сяльчан падсобная гаспадарка адзіны сродак існавання. Толькі вось умовы, якія ствараюць мясцовыя ўлады для вяскоўцаў ніяк не адпавядаюць тым, пра якія кажуць «вярхі». Вобразна кажучы, замест садзеяння развіццю вёскі, душаць вяскоўцаў за горла. Бо насіць па некалькі вёдзер ваду за 150-200 метраў кожны дзень па два-тры разы і прытым нават з пятых паверхаў не кожны ў вытрымае. Таму і кароў засталося ў вялікай вёсцы Раздзялавічы ужо не 500, як раней, а менш за дзве сотні. Толькі не хочуць здавацца вяскоўцыя і спрабуюць дабівацца справядлівасці. Подпісы ўжо збіраюць. Ці будзе з гэтага вынік – хутка пабачым.


Шмат праблем накапілася, накопліваецца і многія з іх вырашаць ніхто не бярэцца. Таму прычынамі не толькі бяздзейнасць чыноўнікаў, але і раўнадушша грамадзян. І ўсё ж ёсць станоўчыя зрухі. Трэба адзначыць, што пасля анкетавання і высвятлення праблем, якія хвалююць жыхароў Ганцаўшчыны, а асабліва пасля дзейсных прыкладаў, што нешта вырашаецца дзякуючы ініцыятывам асобных грамадзян, людзі сталі больш актыўнымі.


Усе навіны