Крама "У Каштана" cтала бяспечнай (фота)
Віна-гарэлачнай гандлёвая кропка ў Пружанах будзе працаваць толькі да 23 гадзін.
Паводле рашэння Пружанскага райвыканкама, гандлёвы аб'ект "У Каштана", начны гандаль алкаголем якога выклікаў шмат прэтэнзій збоку жыхароў горада, будзе функцыянаваць з 6.00 да 23.00 вечара.
Актывісты Руху “За Свабоду” дапамаглі гараджанам давесці сутнасць праблемы да ведама мясцовых уладаў. Пружанскія актывісты разам з неабыякавымі грамадзянамі накіравалі калектыўны зварот у райвыканкам з просьбай змяніць графік працы крамы “У Каштана”.
Ініцыятыва пружанцаў закранала эканамічныя інтарэсы Пружанскага РАЙПО. Спрэчнае пытанне разглядалася цягам двух месяцаў. За гэты час адбылося паседжанне двух камісій райвыканкама па гэтай праблеме.
− Мы здаволеныя пастановай камісіі райвыканкама па гэтым пытанні. Гэта было нялёгкае рашэнне для выканаўчай улады, бо дадзены гандлёвы аб'ект, за кошт начнога рэжыму працы, прыносіў істотны прыбытак у бюджэт горада. Вельмі ўцешна, што кіраўнікі горада паставілі бяспеку і спакой грамадзян вышэй, чым фінансавыя інтарэсы", - заявіў каардынатар Руху “За Свабоду” Уладзімір Радзiвончык.
Нагадаем, што ў гэтай "праблемнай" краме ўначы адбываўся неабмежаваны продаж алкагольных напояў, якія распіваліся на прылеглых дваровых тэрыторыях. У сувязі з гэтым жыхары былі змушаныя мірыцца з нецэнзурнай лаянкай, вулічнымі бойкамі і хуліганствам, а прылеглыя тэрыторыі ператварыліся ў адзін вялікі сметнік. Усё гэта істотна зніжала камфортнасць пражывання людзей з прылеглых дамоў.
Усе навіны



