Чыноўнікі хаваюць час утварэння ўчастковых камісій
Прэтэндэнту ў дэпутаты па Сухараўскай выбарчай акрузе № 30 прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёна адмовіліся паведаміць інфармацыю пра дату і час правядзення паседжання для ўтварэння ўчастковых выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета.
Дарадца старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец, які вылучаецца па Сухараўскай выбарчай акрузе № 30, падаў з гэтай нагоды заяву ў ЦВК.
На думку прэтэндэнта ў дэпутаты, начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Фрунзенскага раёну Мінска гр-н Цуран парушыў артыкул 13 Выбарчага кодэксу аб галоснасці пры правядзенні выбараў і артыкул 34 ВК аб праве грамадзян і іншых суб’ектаў выбарчага працэсу прысутнічаць на паседжаннях органаў, што ўтвараюць выбарчыя камісіі.
Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі каманда Алеся Лагвінца шляхам збору подпісаў грамадзян вылучыла ў 11 участковых камісіяў 13 незалежных прадстаўнікоў, якія маюць вялікі досвед правядзення выбарчых кампаніяў і назірання за выбарамі ў Беларусі і за мяжой. На думку Алеся Лагвінца, чыноўнікі вельмі не хочуць, каб такія людзі трапілі ў камісіі, таму намагаюцца правесці паседжанне без прадстаўнікоў незалежнага грамадства.
Алесь Лагвінец у сваёй заяве адзначае, гр-н Цуран здзяйсняе падобныя супрацьпраўныя дзеянні не першы раз, што выклікае асаблівую занепакоенасць. Так у жніўні 2008 гэтая адказная асоба адмаўляла ў прадстаўленні падобнай інфармацыі грамадзянам, што вылучылі ў склад 30 участковых камісіяў 102-ой Сухараўскай выбарчай акругі 30 сваіх прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў. У выніку, ніводны з 30 прадстаўнікоў грамадзянаў іх не быў уключаны ў склад участковых выбарчых камісіяў па 102-ой Сухараўскай выбарчай акругі, а выбары ў Палату прадстаўнікоў 2008 году былі прызнаныя АБСЕ як неадпаведныя прынцыпам і стандартам свабодных і справядлівых выбараў.
Усе навіны



