Баранавіцкая грамадскасць ушанавала памяць загінулых у авіякатастрофе палякаў (фота)
Каля двух дзесяткаў чалавек усклалі кветкі і запалілі знічкі на ганку Дома Польскага ў Баранавічах.
Месцічы такім чынам ушанавалі памяць пра загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і прадстаўнікоў палітычнай і культурнай польскай эліты.
У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел сябры Руху “За Свабоду”, Партый БНФ, БХД, БСДП(Г), АГП і Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Грамадскія актывісты абралі для ўшанавання памяці загінулых менавіта Дом Польскі, як культурніцкі асяродак палякаў у Баранавічах. Дарэчы, У 1993 годзе гэты дом наведаў Лех Качыньскі падчас свайго візіту ў Беларусь.
Актывіст Руху “За Свабоду” Віктар Сырыца адзначыў, што баранавіцкая грамадзкасць знаходзіцца ў вялікім смутку ад трагічнай падзеі пад Смаленскам. Людзі прыйшлі да Дома Польскага ў Баранавічах, каб памаліцца і ўшанаваць памяць загінулых польскіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў.
Жалобнае мерапрыемства адбывалася пад пільным вокам супрацоўнікаў міліцыі і людзей у цывільным.




Усе навіны



