Баранавічы адзначылі 190-я ўгодкі таварыства філаматаў (фота)
Баранавіцкія сябры Руху “За Свабоду” разам з іншымі прадстаўнікамі палітычных партый і грамадскіх арганізацый 14 ліпеня на 190-я ўгодкі ўтварэння таварыства філаматаў правялі адмысловую культурніцкую акцыю.
Таму аматары беларускай гісторыі з Баранавічаў, Мінску і Слоніма зладзілі культурніцкую вандроўку па мясцінах філаматаў і філарэтаў. Удзельнікі святочнай імпрэзы наведалі фальварак Завоссе, у якім нарадзіўся Адам Міцкевіч, парк Туганавічы і альтанку, дзе сустракаліся Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака. Затым грамадскія актывісты наведалі філарэтаў камень ля вёскі Карчова (Баранавіцкі раён), ля якога праходзілі тайныя сустрэчы філарэтаў – беларускай студэнцкай моладзі. Прыхільнікі творчасці філаматаў не маглі не заехаць на возера Свіцязь і Наваградак, якія таксама цесна звязаны з дзенасцю філаматаў і філарэтаў. Удзельнікі святочнага мерапрыемства даведаліся шмаі цікавага пра нашых патрыётаў, танчылі і спявалі песні філаматаў, ускладалі кветкі ля помнікаў у гонар філарэтаў.
Актывіст Руху “За Свабоду” Віктар Сырыца адзначыў, што вандроўка па мясцінам філаматаў і філарэтаў усім вельмі спадабалася і людзі яшчэ раз пераканаліся ў тым, што веданне сваёй гісторыі – гэта найпершы абавязак культурнага чалавека.
Агульнавядома, што тайнае таварыства філаматаў (аматары дабрачыннасці) было створана ў 1820 годзе студэнтамі Віленскага ўніверсітэта. Яго актыўнымі сябрамі былі Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Юзаф Кавалеўскі. Беларуская студэнцкая моладзь марыла аб адраджэнні Рэчы Паспалітай, свабодзе і адмене прыгоннага права. Яна вывучала гісторыю свайго края і хацела даць адукацыю простым людзям. Францішак Малеўскі стварыў у фальварку Шчорсы (Баранавіцкі раён) ланкастэрскую школу (або школу ўзаемнага навучання). У такіх школах настаўнік з дапамогай групы найбольш падрыхтаваных вучняў мог весці адначасовае навучанне параўнальна вялікай колькасці сялянскіх дзяцей. Адам Міцкевіч у сваіх польскамоўных творах “Гражына”, “Дзяды”, “Пан Тадэвуш” шырока выкарыстоўваў беларускі фальклор. Ян Чачот выдаў 6 фальклорных зборнікаў, дзе змясціў беларускія песні і стаў пачынальнікам новай беларускай літаратуры. Польскі літаратуразнаўца Станіслаў Свірка назваў Яна Чачота “найвыдатнейшым піянерам беларускай народнасці сярод філаматаў”. У вёсцы Новая Мыш (Баранавіцкі раён) з ініцыятывы краязнаўца Міхася Берната быў усталяваны бюст Яна Чачота.



Усе навіны



