English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Штаб А.Мілінкевіча патрабуе ад газеты "Во славу Родины" надрукаваць перадвыбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты

10/03/06

Сёння намеснік кіраўніка выбарчага Штаба А.Мілінкевіча, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандр Дабравольскі звярнуўся з заявай у Цэнтральную выбарчую камісію і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, у якой ён патрабуе  апублікаваць перадвыбарчую праграму кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.

 

7 сакавіка 2006 года кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся ў рэдакцыю газеты "Во славу Родины" у сувязі з публікацыяй у згаданай газеце 3 сакавіка 2006 года перадвыбарчай праграмы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнка.

 

Аляксандр Мілінкевіч прасіў рэдакцыю, "у адпаведнасці з артыкулам 46 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, забяспечыць роўныя магчымасці кандыдатаў у Прэзідэнты па выкарыстанні дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і апублікаваць у газеце (тым жа аб'ёмам і на той жа старонцы) сваю перадвыбарную праграму (тэкст праграмы і фотаздымак кандыдата былі перададзеныя ў рэдакцыю ў электронным варыянце)".

 

Аднак адказу на дадзены зварот з боку рэдакцыі няма.

 

У гутарцы з кіраўніком прэс-службы Штаба адзінага кандыдата Сяргеем Вазняком галоўны рэдактар газеты "Во славу Родины" Леанід Захаранка паведаміў, што "кандыдат у Прэзідэнты атрымае пісьмовы адказ рэдакцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян, гэта значыць у 10-дзённы тэрмін". Пры гэтым ён не даў ніякіх гарантый, што адказ будзе станоўчым і перадвыбарная праграма кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча з'явіцца на старонках газеты.

 

"У дадзеным выпадку рэдакцыя павінна кіравацца не нормамі заканадаўства аб зваротах грамадзян, а патрабаваннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць парадак правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Рэдактар газеты памыляецца, апраўдваючы свае дзеянні тым, што тэрмін падачы перадвыбарных праграм у рэдакцыі дзяржаўных газет мінуў 26 лютага 2006 года, не разумеючы, што дадзеная норма адносіцца толькі да тых сямі выданням, якія Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню Рэспубліканскіх рэферэндумаў вызначаныя для абавязковай публікацыі перадвыбарчых праграм кандыдатаў у Прэзідэнты", - падкрэсліваецца ў заяве А.Дабравольскага.

 

У сувязі з гэтым давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты просіць ЦВК і Пракуратару "забяспечыць гарантаваныя Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь роўныя магчымасці кандыдатаў у Прэзідэнты па выкарыстанні дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і аказаць садзейнічанне ў публікацыі перадвыбарчай праграмы Аляксандра Мілінкевіча ў газеце "Во славу Родины".


Усе навіны