Рух "За Свабоду" распачынае кампанію "Народная праграма" (фота)
Намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч пагадзіўся адказаць на пытанні адносна апошняй ініцыятывы арганізацыі.
− Спадар Юрась, у чым сутнасць кампаніі "Народная праграма"?
− Нагадаю, трэцяга мая ў сталічным гатэлі "Еўропа" былі прэзентаваныя тэзісы перадвыбарчай праграмы Аляксандра Мілінкевіча. Менавіта яны сталі асновай кампаніі "Народная праграма", якую мы зараз ініцыюем. Мы звяртаемся да грамадзянаў Беларусі з просьбай даць сваю ацэнку ды выкласці свае прапановы да кожнага канкрэтнага пункту ўжо вядомых тэзісаў. Людзі могуць выказвацца адносна прапанаваных у тэзісах эканамічнай мадэлі, дзяржаўнага ладу, палітычнай будучыні краіны, развіцця стасункаў з краінамі-суседзямі. Зварот да шырокага кола грамадзян, якія з'яўляюцца спецыялістамі ў самых розных галінах гаспадаркі, палітыцы, навуцы, кіраванні, сацыяльнай сферы, дазволіць максімальна дакладна даведацца, якія захады трэба зрабіць для таго, каб рэальна палепшыць жыццё людзей. Усе меркаванні грамадзян будуць абавязкова разгледжаныя групай экспертаў і ўлічаныя пры падрыхтоўцы канчатковай выбарчай праграмы лідэра Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча.
− Пажаданні людзей могуць супярэчыць адно аднаму. Ці ж магчыма ўсіх задаволіць? Што будзе зроблена, каб не дапусціць супярэчнасцяў у канчатковым дакуменце?
− Маеце рацыю. Мы не ставім за мэту стварыць папулісцкую праграму. Вядома, што праграму лідэра Руху "За Свабоду" ўмацуюць прапановы грамадзян, якія маюць пэўны сэнс, пэўнае абгрунтаванне. У нас ужо распрацаваны агульны накірунак, замацаваны ў тэзісах. На наступным этапе мы хочам узбагаціць праграму канкрэтнымі рэчамі, якія хвалююць людзей і, у той жа час, не могуць быць ахоплены экспертамі.
У гэтай справе ёсць таксама сацыялагічны аспект. Чым больш мы атрымаем водгукаў, тым лепей даведаемся, якія праблемы найбольш актуальныя і значныя для людзей. Канешне, гэтыя прапановы не павінны супярэчыць асноўнаму курсу, закладзенаму ў тэзісах праграмы Аляксандра Мілінкевіча. Прапановы мусяць удасканальваць гэтую лінію. То бок, калі мы выступаем за больш шчыльную інтэграцыю з Еўрапейскім звязам, прапановы па далучэнню Беларусі да Расіі, па аб'яднанню грашовых сістэм для нас непрымальныя.
− Як тэхнічна будзе рэалізавана кампанія "Народная праграма"?
− На першым этапе мы плануем распаўсюдзіць каля 70 тысяч каляровых буклетаў, дзе ў сціслай, тэзіснай форме пададзена бачанне Аляксандра Мілінкевіча еўрапейскай будучыні Беларусі і асноўныя задачы бліжэйшай палітычнай кампаніі. Там жа падаецца адрас сайта, дзе можна азнаёміцца з тэзісамі праграмы цалкам. У дадатак выбаршчыкам даецца анкета, у якой можна выказаць свае прапановы па праграме. Напрыканцы анкеты ёсць таксама пытанне пра гатоўнасць выбаршчыка далучыцца да каманды Аляксандра Мілінкевіча падчас бліжэйшай палітычнай кампаніі, а таксама ў якасці каго ён можа працаваць. Да ўсяго прыкладаецца капэрта з адваротным адрасам, куды выбаршчык зможа даслаць запоўненую анкету са сваімі ацэнкамі, прапановамі і пажаданнямі адносна тэзісаў праграмы. Рэкамендацыі па ўдасканаленню праграмы можна таксама дасылаць на мэйл prahrama@gmail.com.
Праца па грамадскаму ўдасканаленню праграмы Аляксандра Мілінкевіча будзе праводзіцца і ў інтэрнэце, бо гэта патрабуе менш укладанняў і дазваляе ахапіць большую аўдыторыю. У бліжэйшых планах стварэнне сайта, дзе можна будзе даваць ацэнку канкрэтным пунктам праграмы, дадаваць свае прапановы па іх, ацэньваць ужо пададзеныя прапановы, каментаваць іх. Такім чынам будзе створана камунікатыўная інтэрнэт-пляцоўка для абмеркавання і ўдасканалення палітычнай праграмы.
− Шмат хто ўжо апеляваў на народных мас. Чым вылучаецца "Народная праграма"?
− Сапраўды, падобная форма працы з людзьмі выкарыстоўвалася ў нашай краіне. Адміністрацыя Лукашэнкі збірала скаргі і прапановы ад грамадзян па ўдасканаленню працы органаў мясцовых уладаў. Кампанія "Гавары праўду" таксама прапаноўвала дасылаць у адміністрацыю кіраўніка краіны паштоўкі з апісаннем мясцовых праблемаў. Мы ў адрозненні ад іх, ужо маем пэўны стрыжань, канкрэтную распрацоўку, якую выносім на грамадскае абмеркаванне і прапануем па ёй выказвацца. Водгукі таксама збіраем і аналізуем мы, а не адміністрацыя кіраўніка дзяржавы.
− Скарыстацца плёнам працы зможа таксама толькі Рух "За Свабоду"?
Адказнасць за рэалізацыю Народнай праграмы бярэ на сябе Рух "За Свабоду" і асабіста яго лідэр Аляксандр Мілінкевіч. У той жа час мы вызнаем гэтую праграму, як адкрытую. Нашымі распрацоўкамі могуць карыстацца іншыя прэтэндэнты. У любым выпадку (незалежна ад вынікаў выбараў) мы плануем дамагацца ад кіраўніцтва Беларусі рэалізацыі палажэнняў "Народнай праграмы", якая будзе распрацавана і падтрымана значнай колькасцю беларусаў.


Усе навіны






