English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

У мінскіх судах пачаліся працэсы над затрыманымі пасля сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі

13/03/06

Каля 30 удзельнікаў учарашніх сустрэч з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам зараз знаходзяцца у Маскоўскім, Фрунзенскім, Кастрычніцкім, Завадскім, Цэнтральным і Ленінскім судах Мінска. Сярод затрыманых ёсць і грамадзяне Украіны.

 

У Цэнтральным судзе будуць судзіць актывістаў незарэгістраванага моладзевага руху "Зубр" Аляксея Ляўковіча і Максіма Вінярскага. Іх затрымалі ўвечары ў пятніцу і склалі пратакол паводле 156 артыкулу ("дробнае хуліганства") Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. У Ленінскі суд прывезлі трох удзельнікаў сходу, якія трымалі транспарант "Мілінкевіч, Серабранка -- з табой!". Іх таксама абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

 

Больш за ўсё людзей сабралася каля Фрунзенскага суда, -- тут і прадстаўнікі украінскай амбасады, доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ. Людзі чакаюць, калі прывязуць грамадзянаў Украіны. Сярод затрыманых украінцаў ёсць адзін непаўнагадовы хлопец, Цімур Ліцвін, з Днепрапетроўску. Яго, хутчэй за ўсё, будуць трымаць у дзіцячым спэцпрыёмніку, а потым дэпартуюць. Сярод затрыманых учора грамадзянаў Украіны -- Арцём Божэнскі, Ігар Галубіцкі, Мікола Карпінскі і Наталля Касарчук. Украінскія грамадзяне прыехалі з Адэсы, Каменец-Падольскага і з Ровенскай вобласці.

Людзі, якія сабраліся ля будынку суда, распавялі карэспандэнту Свабоды, што аднаго хлопца, які ўчора ішоў з сустрэчы з Мілінкевічам, на станцыі мэтро "Пушкінская" пачалі хапаць невядомыя ў цывільным. Хлопец пачаў клікаць дапамогу, і людзі на платформе метро кінуліся яму дапамагаць. У выніку хлопец уцёк, але гэтых людзей затрымалі і адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёну.


Усе навіны