Аляксандр Мілінкевіч наведаў арыштавых актывістаў сваёй кампаніі
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч наведаў сёння арыштавых актывістаў сваёй кампаніі, якія зараз адбываюць пакаранне ў следчым ізалятары на вуліцы Акрэсьціна.
Вінцук Вячорка, давераная асоба, Аляксандр Зелко, Пётр Толар, Дзмітры Кудраўцаў, Уладзімір Грыдзін, Аляксандр Паўлоўскі, Пётр Бабарэка, Сяргей Лянцэвіч, Арцём Літвінко, Аляксей Маковіч былі прысуджаны да 15 сутак арышту 9 сакавіка за ўдзел у сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам.
Аляксандр Мілінкевіч перадаў хлопцам пакункі з ежай.
- Мужнасць, адвага і цярпенне гэтых людзей ёсць прыкладам для ўсіх беларусаў, якія, таксама як і яны, нягледзячы на запалохванні і рэпрэсіі рэжыму, аддаюць свае сілы дзеля таго, каб у Беларусь вярнулася свабода, праўда і справядлівасць. Але іх пакуты недарэмныя. Хутка ўсе яны будуць на свабодзе. Таксама як будзе свабоднай наша Беларусь. І ніколі больш у нашай краіне не паўторыцца падобнае беззаконне. Свабода, якой так не хоча сённяшні рэжым, прарвецца і праз краты. 19-га сакавіка мы будзем сэрцамі з імі, незаконна арыштаванымі, мы памятаем пра іх, і з іх імёнамі на вуснах, будзем адстойваць у Беларусі свабоду, праўду і справядлівасць, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч на выхадзе са следчага ізалятара.
Усе навіны


