English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Данута Бічэль: Саша Мілінкевіч – надзея на выхад з хлусні

20/03/06

За выбарамі, за кампаніяй Аляксандра Мілінкевіча сачыла вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль, якая жыве ў Гродна. Па Радыё Свабода яна слухала — што адбывалася ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы.

- Апошнія паведамленні мяне ашаламілі і я цешуся, што яны там адважыліся і сышліся на плошчы, і іх так шмат. Шкада, канешне, што нас там няма, няма ўжо сілаў ісці на плошчу, хацелася б гэта ўсё ўбачыць. Хацелася б нейкіх зменаў, хацелася б пажыць хоць крышку, хоць не з труны, не з таго свету, а краем вока ўбачыць Беларусь беларускую. Каб яна была без гэтых свістаплясак чортавых у Вялікі пост.

Данута Бічэль мяркуе, што шумныя канцэрты і танцы за Лукашэнку былі зусім недарэчныя, бо цяпер Вялікі пост і ў праваслаўных, і ў каталікоў. Яна гаворыць пра Аляксандра Мілінкевіча:

- Саша Мілінкевіч якраз быў надзеяй на тое, што мы з гэтай хлусні выйдзем, што мы замест культу д’ябла будзем спавядаць культ Бога Беларусі… Ён заўсёды спакойны, заўсёды стрыманы, інтэлігентны. Не іграе героя, а проста ёсць сам сабой. І тое, што мы яго ведалі: гэта ж рэдка такое здараецца, што чалавек, каля якога жыў недалёка цэлы адрэзак жыцця, раптам становіцца кандыдатам на прэзідэнта Рэспублікі, -- ужо адно гэта, здаецца, павінна было б усіх людзей Гродна павярнуць да яго, праўда?.

Данута Бічэль была на нядзельным набажэнстве і думала пра Аляксандра Мілінкевіча ды ягоных паплечнікаў.


- Я сёння, молячыся за іх у касцёле, успамінала, што ён праваслаўны, а не раз наведваў беларускую імшу ў каталіцкай катэдры. І што ж, хацелася б, каб ён перамог, каб мы жылі ў такім краі не ізгоямі, а ў Беларусі беларускай. Але на ўсё воля Божая.


Усе навіны