English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Міліцыя затрымлівае тых, хто спрабуе прайсьці на плошчу. (Радыё Свабода)

21/03/06

Міліцыя затрымлівае тых, хто спрабуе перадаць прадукты і гарачы чай удзельнікам акцыі, якія знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы. Невядома знаходжаньне вядомых людзей, якія мінулай ноччу спрабавалі даехаць да Кастрычніцкай плошчы.

Мінулай ноччу зьніклі вядомыя дэмакратычныя дзеячы -- беларускі тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі, старшыня менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна і грамадзка-палітычны дзеяч Сяргей Лукін. Пра гэта БелаПАН паведаміла праваабаронца Леанарда Мухіна.

Паводле яе інфармацыі, недзе апоўначы яны накіраваліся з дому на Кастрычніцкую плошчу, каб перадаць удзельнікам акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў напоі й прадукты харчавання, аднак на плошчы яны так і не зьявіліся. Л.Мухіна лічыць, што ўсе трое былі затрыманы міліцыяй. Іх месцазнаходжаньне дагэтуль невядомае.

Апрача таго, на плошчы працягваюцца затрыманьні ўсіх тых, хто спрабуе аказаць падтрымку ўдзельнікам акцыі - прыносіць ім прадукты і гарачую гарбату. Так, прыкладна каля 9-й гадзіны раніцы міліцыянт лейтэнант Краўчэня за парушэньне правілаў дарожнага руху затрымаў аўтамабіль "Audi", у якім знаходзіўся Валянцін Дзьмітрыеў з таварышам. Яны прывезьлі на плошчу прадукты і гарачую гарбату для ўдзельнікаў акцыі. У іх канфіскавалі кіроўскія пасьведчаньні і загадалі сьледаваць за супрацоўнікамі ДАІ.

На плошчы зараз знаходзіцца каля пяцісот чалавек. Тут жа ўстаноўлена каля пятнаццаці палатак, яны акружаны ланцугом маладых людзей. Разгорнуты бел-чырвона-белыя сцягі, сьцягі Эўразьвязу, дзяржаўныя сьцягі Літвы, Грузіі, Украіны і Расеі, палотнішчы з выявай зубра, герба Менску. На калёнах Палацу прафсаюзаў вывешаны лёзунгі "Верым! Можам! Пераможам!", "Мілінкевіч!", "За свабоду!".

Многія аўтамабілі, што праяжджаюць міма Кастрычніцкай плошчы, сыгналамі вітаюць удзельнікаў.


Усе навіны