А.Мех: “Пераможа той, хто на дзьве галавы вышэйшы за кандыдатаў улады”
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – актывіст Руху, сябра Партыі БНФ з Кобрыні Аляксандар Мех. За адмову спыніць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі, яго гвалтоўна звольнілі з працы. Насуперак сабраным доказам, суд палічыў тое законным. На знак пратэсту больш за 4 000 тамтэйшых падпісаліся за вылучэньне спадара Меха кандыдатам у дэпутаты.
Аляксандру Меху 38 гадоў, скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт грамадзянскай авіяцыі. Працаваў у кобрыньскім упраўленьні магістральных газаправодаў. Затым атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Навапалоцкім дзяржаўным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці “праектаваньне і эксплюатацыя газапровадаў”.
Жанаты, сынам 10 і 11 гадоў.
Вось некаторыя адказы Аляксандра Меха зь ягонага інтэрвію Радыё Свабода:
-- Сёньня для грамадзтва хіба ці не праблема нумар адзін – пазбавіцца страху. Улада вельмі моцна запужала людзей. Некага – пэрспэктывай пазбаўленьня працы, іншых – магчымым уціскам на дзяцей. Я пераконваю выбарцаў: нельга мірыцца з такім становішчам, бо зьмірыцца з дыктатурай – губляць час і жыцьцё, сваё і сваякоў.
-- Да беларускасьці я пакрочыў у 25 гадоў, калі вярнуўся з Масквы на радзіму – тады й пачаў вывучаць гістарычную спадчыну сваёй краіны, з простай і даступнай кнігі Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род”. А затым узяўся за мову.
-- Нашая грамадзянская пазыцыя павінна на чымсьці трымацца – бязь веданьня гісторыі і мовы нічога не пабудаваць.
-- За мяне літаральна за некалькі дзён падпісаліся 4 000 людзей – кожны пятнаццаты выбарца. Каманду ўражвалі своеасаблівыя “парлямэнцёры” ад рэгіёнаў: прыдзіце ў наш мікрараён, чакаем усім пад’ездам!
-- Яшчэ большую падтрымку адчуў падчас так званага “суду” нада мной, а хутчэй – лінчаваньню права і грамадзянскай маральнасьці. Аднак я не будую ілюзіяў: у сёньняшніх палітычных варунках пераможа той, хто будзе на дзьве галавы вышэйшы за праўладных кандыдатаў.
Дык вось цяпер, як мяркуюць сябры нашае каманды, за Аляксандра Меха - працэнтаў 70 жыхароў Кобрыні.
На пятніцу грамадзкі рэдактар тыдня Аляксандар Мех замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Працоўныя кантракты як сродак запалохваньня выбарцаў глыбінкі”
Усе навіны


