Аляксандар Мілінкевіч выступіў на канфэрэнцыі ў Лодзі
Канфэрэнцыя пад назвай “Эўрапейскі зьвяз як глябальны дзеяч” адбывалася з 2 па 4 кастрычніка ў Эўрапейскім інстытуце ў польскім горадзе Лодзь.
На сустрэчы экспэртаў ў Лодзі выступалі спэцыялісты ў галіне міжнародных стасункаў, дэпутаты Эўрапарлямэнту, дыпляматы з Польшчы, Італіі, Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі, Грэцыі ды іншых эўрапейскіх краінаў.
На дыскусіі, прысьвечанай усходняй палітыцы Эўразьвязу выступіў з дакладам Аляксандар Мілінкевіч. Ён распавёў пра сытуацыю ў Беларусі, а таксама прадставіў свой пункт гледжаньня на тое, якую палітыку ў дачыненьні да Беларусі павінна праводзіць Эўропа.
Ці прыносяць замежныя паездкі і выступы на канфэрэнцыях карысьць для Беларусі? Гэтае пытаньне мы задалі дарадцы Аляксандра Мілінкевіча Алесю Лагвінцу.
Ён заявіў, што лідэр Руху “За Свабоду” перш за ўсё стараецца сустракацца з людзьмі ў беларускай правінцыі. Кантактцы з эўрапейскімі палітыкамі й экспэртамі – гэта другая частка яго дзейнасьці, якая таксама мае вялікае значэньне.
Алесь Лагвінец: Такім чынам мы нагадваем, што ёсьць іншая, дэмакратычная Беларусь, падтрымліваем інтарэс міжнароднай супольнасьці да нашай краіны й пашыраем кола людзей, якія ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі й гатовыя супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратамі.
Мы сустракаемся ня толькі з экспэртамі й палітыкамі нацыянальнага маштабу, якія фармуюць палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Мы сустракаемся з лякальнымі палітыкамі, якія прымаюць канкрэтныя рашэньні. Ад іх залежаць, напрыклад, магчымасьці працаўладкаваньня для выкінутых з працы дэмакратычных актывістаў. Гэта таксама вельмі важна.
Падчас канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч зноў сустрэўся са старшынём камісіі па міжнародных справах Эўрапарламенту Яцкам Сарыюшам-Вольскім. Таксама адбылася сустрэча беларускага палітыка з мэрам горада Лодзь.
Усе навіны


