Зварот Аляксандра Мілінкевіча да прадпрымальнікаў
Шаноўныя прадпрымальнікі!
Прадпрымальныя, ініцыятыўныя грамадзяне – гэта аснова развіцця любога грамадзтва. Вы – людзі, якія навучыліся самастойна зарабляць свае грошы, нават у такіх цяжкіх умовах, што стварыла улада ў Беларусі. Вы плаціце вялізныя падаткі, за якія ўтрымліваюцца чыноўнікі, пенсіянеры, настаўнікі.
Зараз удар нанесены не толькі па вам, а па ўсім беларускім народзе, бо калі не будзе вашых даступных тавараў і паслуг, найперш пацерпяць малазабяспечаныя грамадзяне, шматдзетныя маці, пенсіянеры. Ад вашага знікнення страцяць усе, а выйграе толькі наменклатурны манапалізаваны бізнес.
Улада паставіла перад сабой задачу ліквідаваць прадпрымальнікаў як клас, як галоўную перашкоду прыдворнаму бізнесу. Зараз вам прапануюць розныя паўмеры, мізэрныя паслабленні. Не верце абяцанням улады! Сёння з бізнесу выкінуты ваш сусед, заўтра на яго месцы апынецеся вы. Лукашэнка ўжо заявіў, што вам застаўся адзін год.
Памятайце – вашая моц у адзінстве. Будзьце салідарнымі паміж сабой і з усім дэмакратычным рухам Беларусі. Мы падтрымліваем вас у вашай барацьбе за права спакойна і сумленна працаваць.
Мы будзем дамагацца кардынальнага паляпшэння ўмоваў дзейнасці малога бізнесу, адмены ўсіх заканадаўчых актаў, якія ўшчамляюць вашыя правы.
Разам мы пераможам!
Перайсці да спісу



