English Version
Выступы і заявы

Выступы і заявы
 Галоўная

Выступ А.Мілінкевіча на Парламенцкай асамблее НАТА

16:27:02 28/11/06,

Спадар прэзідэнт, шаноўныя дэпутаты, пані і панове!

 

Дзякуй за запрашэнне, для мяне велікі гонар выступаць перад парламенцкай асамблеяй НАТО. Адначасова я адчуваю смутак, таму што на сённяшні дзень афицыйныя адносіны маёй краіны з гэтым, адным са старэйшых міжнародных парламенцкіх інстытутаў, ужо амаль дзесяць гадоў як скасаваныя. Сапраўды, у лістападзе 1996 года, менавіта тут, у Парыжы, прайшла штогадовая сесія Паўночнаатлантычнай асамблеі, як тады называлася вашая арганізацыя, дзе ў апошні раз прыняла афіцыйны ўдзел дэлегацыя Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якая на той час была асацыяваным сябрам Асамблеі.

 

Літаральна праз два дні пасля яе заканчэння ў Беларусі адбыўся сумна вядўмы канстытуцыйны рэферэндум, вынікі якога былі сфальсіфікаваныя. Гэта дазволіла Аляксандру Лукашэнке захапіць усю паўнату ўлады у краіне і значна паскорыць стварэнне свайго аўтарытарнага рэжыму. Таму неўзабаве Паўночнаатлантычная асамблея прыняла рашэнне аб спыненні ўсіх адносін з афіцыйным Менскам і ўпершыню ў сваёй гісторыі выключыла так званы “беларускі паламент” са спісу асацыяваных членаў. Тым не менш, яшчэ на працягу некалькі гадоў яна працягвала рэгулярна запрашаць на свае мерапрыемствы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, за што мы выказваем сваю вялікую ўдзячнасць.

 

Да таго ж, якраз на згаданай Парыжскай сесіі была прынята першая рэзалюцыя па Беларусі, у якой выказваліся вельмі крытычныя заўвагі адносна ўнутрыпалітычнага становішча на Беларусі. Пасля падобныя дакументы прымаліся асамблеяй неаднаразова, напрыклад, на берлінскай сесіі ў 2000 годзе ці на мінулагодняй капенгагенскай. У 2001 годзе Мінск наведала спецыяльная місія асамблеі па вывучэнню сітуацыі, справаздача якой таксама была вельмі негатыўнай да беларускіх уладаў. Нарэшце, у верасні мінулага года ў Вільні асамблеяй у супрацоўніцтве з літоўскім сеймам быў праведзены спецыяльны семінар па беларускім пытанні з шырокім удзелам прадстаўнікой апазіцыі, які выклікаў настолькі моцнае раздражненне ў сённяшняга беларускага кіраўніцтва, што Лукашэнка неаднаразова згадваў пра яго.

 

Усё гэта сведчыць аб тым, што Парламенцкая асамблея НАТО, поруч з іншымі міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі, такімі як Еўрапейскі парламент, парламенцкія асамблеі Савета Еўропы і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, надаюць вялікую ўвагу таму, што адбываецца ў нашай краіне. І гэта цалкам зразумела, бо той пачынаючы аўтарытарны рэжым зараз фактычна ўжо пераўтварыўся у таталітарны. Гэта цалкам пацвярджаецца ўсімі праведзенымі ў апошні час шматлікімі выбарчымі кампаніямі і яшчэ адным рэферэндумам, вынікі якіх з-за вялізных фальсіфікацыяў ніводнага разу не былі прызнаныя цывілізаванай міжнароднай супольнасцю. Аб гэтым сведчаць знікненні палітычных праціўнікаў рэжыму, пра што вы, напэўна, добра ведаеце. Гэта, нарэшце, даказвае і тая жорсткасць, з якой улады паставіліся да шматлікіх удзельнікаў мірных дэманстрацый, што мелі месца апошнім часам у нашай краіне пасля так званых “прэзідэнцкіх выбараў”.

 

Такое развіццё падзей не можа не выклікаць занепакоенасці ў дэмакратычных краінаў свету, якія не маюць сумненняў у тым, што толькі дэмакратыя забяспечвае стабільнасць. Таму мы зараз адчуваем вялікую падтрымку з, умоўна кажучы, заходняга боку. На жаль, пакуль што абсалютна іншае стаўленне мы бачым з Усходу. Цяжка зразумець, напрыклад, чаму падчас візіту ў Германію напярэдадні маючых адбыцца там парламенцкіх выбараў расейскі прэзідэнт без цені сумненню сустракаецца з лідэрам апазіцыі, але пры гэтам катэгарычна адмаўляецца ад аналагічнай магчымасці сустрэцца з беларускім апазіцыйным кандыдатам.

 

Хутчэй за ўсё, гэта выклікана моцным уздзеяннем беларускай афіцыйнай прапаганды, якая ўвесь час сцвярджае, что нашая апазіцыя займае цалкам антырасейскія пазіцыі. На самой справе ў Беларусі практычна немагчыма знайсці антырасейскія настроі, калі, зразумела, не лічыць “антырасейскім” імкненне захаваць незалежнасць сваёй краіны. Мы ўжо шмат разоў казалі, што ў выпадку нашага прыхода да ўлады адносіны з усходнім суседам будуць значна больш празрыстымі і цывілізаванымі. Дзіўна, але расейскае кіраўніцтва як быццам не разумее, што такімі сваімі паводзінамі яно як раз дае падставы для падазрэнняў у імкненні інкарпараваць Беларусь у якасці першага крока па аднаўленню былой імперыі.

 

Калі ж гэтыя падазрэнні на самой справе небеспадстаўныя, дык гэта дарэмныя мары, пятнаццаць гадоў незалежнасці нават пры Лукашэнку не прайшлі дарэмна. Цяпер ужо Беларусь у склад ніякай іншай краіны не пойдзе, а вось сапсаваць адносіны, хоць гэта і вельмі непажадана, магчыма. Зараз усё больш і больш беларускіх грамадзян задаюцца пытаннем аб шчырасці добрых намераў Расеі ў адносінах да нашай краіны.

 

Безумоўна, выступаючы на пасяджэніі арганізацыі, вельмі цесна звязанай з НАТО, немагчыма абыйсці пытанне аб нашым бачанні перспектываў адносін Беларусі з Паўночнаатлантычным саюзам. На вялікі жаль, на сённяшні дзень сур’ёзнае ўзаемадзеянне паміж імі фактычна адсутнічае. Беларусь уваходзіць у Савет Еўраатлантычнага партнёрства і удзельнічае і праграме “Партнёрства дзеля міру”. Аднак яе супрацоўніцтва ў межах згаданай праграмы з’яўляецца ці не найменшым сярод усіх краін-партнёраў.

 

Што тычыцца СЕАП, дык прысутнасць Беларусі там можна лічыць чыста фармальнай, бо практычна ні па адным важкім пытанні меркаванні бакоў не супадаюць, затое прынцыповыя разыходжанні маюць месца пастаянна. Гэта не дзіўна, бо ў беларускага кіраўніка цалкам захаваўся савецкі менталітэт, у адпаведнасці з якім альянс застаецца галоўным ворагам. Больш за тое, ён спрабуе выкарыстаць адпаведныя настроі, што засталіся таксама ў значнай часткі расейскай кіруючай эліты, дзеля атрымання ад Масквы істотных матэрыяльных і палітычных прэферэнцыяў.

 

З нашага пункту гледжання, Беларусі трэба будаваць свае адносіны з НАТО на падставе існуючых реаліяў. Сёння палітычная сітуацыя ў Еўропе характарызуецца адсутнасцю небяспекі ўзброеных канфліктаў. У адпаведнасці з гэтым, згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, нягледзячы нават на моцную псіхалагічную апрацоўку насельніцтва афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі, вельмі нязначная колькасць грамадзян Беларусі называюць пагрозу з Захаду самай вострай праблемай, што стаіць перад краінай. Таму мы ўпэўненыя, што істотнае паляпшэнне адносін з альянсам цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам нашай краіны.

 

Увогуле, наш знешнепалітычны арыенцір вызначаны – далучэнне да еўраатлантычнай супольнасці.

 

Што тычыцца Еўрасаюзу, дык мы выдатна ведаем тыя цяжкасці, якія чакаюць Беларусь на гэтым накірунку, і разумеем, што гаворка аб сапраўдным сяброўстве можа рэальна ісці толькі ў аддаленай будучыні. Аб гэтым сведчыць прыклад Украіны, якая прасунулася па гэтым шляху значна далей, аднак да гэтага часу не мае ўпэўненасці ў тым, што яна зможа дасягнуць канчатковай мэты. Тым не менш, з пункту гледжання маральнай падтрымкі было б выключна пажадана мець афіцыйную заяву ЕС аб прынцыповай магчымасці далучэння да яго Беларусі, зразумела, пры выкананні ўсіх неабходных умоваў.

 

І яшчэ адзін момант. Як нам стала вядома, у пэўных колах асамблеі апошнім часам даволі актыўна абмяркоўваецца пытанне аб магчымай адмене рашэння Пастаяннага камітэту, прынятага вясной 1997 года. Яно тычылася скасавання ўсіх кантактаў з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Зараз пад маркай таго, што палітыка ізаляцыі быццам не прынесла плёну, мяркуецца аднавіць з ім нейкае ўзаемадзеянне. Мы ўпэўненыя, што гэта будзе вялікая памылка, што відавочна даказвае прыклад Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая ўжо зрабіла такі крок. Па-першае, вы выдатна ведаеце, што ў гэтым складзе “парламенту” няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі, таму што выбары былі абсалютна несумленныя. Фактычна там сядзяць людзі, якіх проста прызначыў Лукашэнка, яны яму абавязаныя, і ніводнага крока супраць яго не зробяць. Па-другое, нават калі б яны і захацелі гэта зрабіць, у іх рэальна няма ніякіх паўнамоцтваў, бо гэта не парламент у сапраўдным разуменні.

 

У той жа час шкода ад такой адмены будзе выключна вялікай. Яно пойдзе насуперак усім апошнім дзеянням міжнароднай супольнасці, у тым ліку вашых калегаў з Еўрапарламенту і ПАСЕ, па абмежаванню дзеяздольнасці ўсіх, хто мае дачыненне да вялізарных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя людзі такое дачыненне, больш ці менш непасрэднае, але, безумоўна, маюць, і такое ваша рашэнне стане зусім незразумелым для сумленных грамадзян Беларусі.

 

Шаноўныя дэпутаты, гэта толькі падаецца, што міжнародная падтрымка не дае вынікаў. Можна быць упэўненым, што без яе становішча было б значна горш. Таму я хацеў бы выказаць спадзяванне на працяг вашай салідарнасці з тымі, хто ў цяжкіх умовах змагаецца за дэмакратычныя пераўтварэнні на Беларусі, і на працяг падтрымкі гэтай барацьбы.

 

Дзякуй за ўвагу.



Перайсці да спісу
Каляндар падзеяў

 

4 снежня

18.30 Гродна, Будзёнага, 48

Прэзентацыя чарговага нумару Arche

 

8 снежня

Мінск, Кірава, 21

(суд Цэнтральнага раёна)

Слуханні па справе Аляксандра Баразенкі