Зварот да дэмакратычнай грамадскасці Беларусі
Паважаныя сябры,
У кастрычніку 2005 года Кангрэс дэмакратычных сіл абраў мяне адзіным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Дзякуючы аб’яднанню тысячаў мужных і адданых Бацькаўшчыне грамадзян, мы правялі паспяховую палітычную кампанію, сабралі сотні тысячаў подпісаў, сустрэліся з выбарцамі ў большасці раёнаў краіны. Шмат людзей пазбавіліся страху і апатыі, нягледзячы на тое, што ўлада кінула ў турмы больш за тысячу чалавек. Сотні студэнтаў былі выкінуты з ВНУ, шмат каго пазбавілі працы за “палітыку”. Хоць дыктатура ўстаяла, але мы перамаглі ў свядомасці многіх людзей. Мільёны, што галасавалі за нас, выбралі каштоўнасную альтэрнатыву і “Свабоду, Праўду, Справядлівасць”.
Сёння ў свеце ўжо ніхто не сумняваецца: беларусы – гэта народ, які дастойны быць вольным і будзе за гэта змагацца за Свабоду.
Я быў упэўнены, што пасля выбараў мы працягнем супольную працу ў кааліцыі, бо перамагчы можна толькі разам. У нас мусіць быць адна стратэгія, адзін штаб, адзіны лідэр.
Аднак палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў не змагла выканаць місію кансалідацыі. Паўгады зацвярджаўся план, а калі быў урэшце прыняты рада нават не змагла стварыць Выканкам для яго рэалізацыі. Замест арганізацыі супольнай працы многія кіраўнікі партый пачалі змагацца за лідэрства і шматмесячную падрыхтоўку да Кангрэсу. Большасць партыйных актывістаў захапілася барацьбой за месца на гэтым форуме і забылася пра галоўнае – працу з людзьмі – нават падчас мясцовых выбараў.
Я шчыра спадзяваўся, што сітуацыю можна выправіць, калі Кангрэс будзе скліканы паводле празрыстых, узгодненых працэдур і мець шырокае дэмакратычнае прадстаўніцтва. Я запэўніў, што прыму ўдзел у новым Кангрэсе, толькі калі на ім будзе абраны лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл з дастатковымі для арганізацыі эфектыўнай дзейнасці паўнамоцтвамі.
На жаль, па ініцыятыве шэрагу кіраўнікоў партый першапачатковыя дамоўленасці былі ануляваныя, зменены працэдуры вылучэння дэлегатаў. З прычыны шматлікіх фальсіфікацый падпісных лістоў рэзка ўзмацнілася напружанасць унутры кааліцыі асабліва ў рэгіёнах.
Кангрэс мае адбыцца праз месяц, але яшчэ няма ўзгодненых пазіцый па ягонаму зместу і мэтам. Нядаўна палітычная рада прыняла рашэнне, якое адкідвае нас на некалькі гадоў назад у пабудове альтэрнатывы існуючаму рэжыму: адзіны лідэр непатрэбны. Лідэрамі будуць цяпер усе кіраўнікі партый, толькі па чарзе на некалькі месяцаў.
Палітычная апазіцыя захапілася ўнутранымі разборкамі. Яе справядліва папракаюць у адсутнасці рэальных дзеянняў. Канкурэнцыя паміж лідэрамі партый паглынула ўвесь патэнцыял дэмакратычнай кааліцыі. Я больш не магу заставацца закладнікам такой сітуацыі і заяўляю аб немагчымасці майго ўдзелу ў маючым адбыцца ў сакавіку Кангрэсе, які паспрыяе раз’яднанню дэмакратычных сілаў.
Перайсці да спісу



