А.Мілінкевіч аб сітуацыі ў дэмсілах Беларусі
Кангрэс, што адбыўся напрыканцы траўня, не можа называцца Кангрэсам усіх дэмсілаў. Гэта быў у першую чаргу з’езд партыйных актывістаў. На ім амаль не было дэлегатаў ад грамадзянскай супольнасці, абаронцаў Плошчы вясной 2006 году, журналістаў, экспертаў. Кангрэс не стаў пляцоўкай для адкрытых дыскусіяў і барацьбы ідэяў у апазіцыі. Усе рашэнні былі загадзя прынятыя Палітычнай радай. Кангрэс не абмеркаваў шляхі выхаду апазіцыі з крызісу. Галоўнай тэмай Кангрэсу была барацьба за ўплывы і ўладу ў кааліцыі.
Абраная стратэгія ацэнена многімі аналітыкамі як стратэгія чакання. Яна грунтуецца на сумнеўнай тэзе аб глыбокім крызісе рэжыму і прапануе ў якасці асноўнай дзейнасці круглыя сталы, дыскусіі і дыялог з уладай. Мяркуецца, што рэжым будзе сам паступова эвалюцыянаваць да дэмакратыі. Такая стратэгія можа яшчэ больш павялічыць ізаляцыю палітычнай апазіцыі ад грамадства. Яна адпавядае інтарэсам улады, якая імкнецца пакінуць грамадзянскую супольнасць і партыі ў дэмакратычным гета.
Кіраўнікі буйных партыяў аказаліся не гатовыя да абрання на Кангрэсе лідэра дэмсілаў. Яны вырашылі, што кааліцыю будзе ўзначальваць чацьвёра сустаршыняў. Ва ўмовах дыктатуры кіраванне з дапамогай “круглага стала” неэфектыўнае і вядзе да безадказнасці. Такая форма працы не дазволіць аб’яднаць пазапартыйныя дэмсілы. Акрамя таго, беларускае грамадства чакае ад апазіцыі персанальнай альтэрнатывы Лукашэнку.
Мною было прынятае рашэнне не ўваходзіць у склад сустаршыняў новай Палітрады. Па-першае, я не магу займацца тым, у што я не веру. Мая стратэгія – актыўныя дзеянні, праца з насельніцтвам, абарона рэпрэсаваных, ціск на ўладу. Па-другое, я стаўлю перад сабой мэту далучыць да скаардынаванай дзейнасці ў дэмсілах шырокую грамадзянскую супольнасць, сябраў НДА і новых актывістаў, пераважна моладзь, што прыйшла да нас падчас прэзідэнцкай кампаніі.
Заснаваны намі Рух “За Свабоду” – гэта не новая структура, а каардынацыя дзеянняў дэмакратычных актывістаў. Ён павінен зліквідаваць разрыў паміж партыйным кіраўніцтвам і незалежным грамадствам. Мы зыходзім з таго, што чыста палітычныя праекты сёння маюць вельмі абмяжаванае поле ўнутры самой Беларусі. Такія праекты рэалізуюцца перш за ўсё ў партыйным сегменце. Тым часам, як абсалютная большасць дэмакратычных сілаў на нізавым узроўні складаецца з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і грамадзянаў, незаангажаваных партыямі*. Гэтая большасць ня можа граць значнай ролі ў барацьбе ўнутры кааліцыі. Але менавіта ў грамадзянскай супольнасці сканцэнтраваныя тыя, хто робіць штодзённую працу ў дэмакратычнай апазіцыі на лакальным узроўні. Гэты сектар нацыянальна і праеўрапейскі арыентаваны. Ён не падпарадкоўваецца наўпрост партыйнай дысцыпліне. Ім немагчыма кіраваць так, як кіраваліся некаторыя партыйныя фракцыі на Кангрэсе.
Рух “За Свабоду” – выключна дэмакратычнае утварэнне з пераважна гарызантальнымі сувязямі. Удзельнікі Руху маюць агульныя мэты і стратэгію, падзяляюць агульныя каштоўнасці: дэмакратыя, незалежнасць, еўраінтэграцыя. Рух складаецца з палітычнай і грамадзянскай частак.
Палітычная частка – удзел у выбарчых кампаніях, навучанне і падтрымка беспартыйных і партыйных кандыдатаў, распаўсюд інфармацыі і правядзенне масавых акцыяў. Каардынацыя з кааліцыяй партыяў будзе ажыццяўляцца ў рамках Палітычнай рады Кангрэсу.
Грамадская частка ў Руху “За Свабоду” – асноўная. У Беларусі грамадзянская супольнасць добра развітая, нягледзячы на ўмовы аўтарытарнага рэжыму. Трэці сектар існуе не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў большасці сельскіх раёнаў. Ён чуйна адгукаецца на праблемы грамадства, - спектр НДА вельмі шырокі: сацыяльныя, моладзевыя, асветніцкія, праваабарончыя, жаночыя, выдавецкія, экалагічныя, краязнаўчыя і іншыя. У ім ёсць вялікі досвед арганізацыі супрацоўніцтва НДА – парасонавая арганізацыя Асамблея дэмакратычных НДА, сетка падтрымкі грамадзянскай актыўнасці, Беларуская Асацыяцыя рэгіянальнага развіцця (BelARD), рэгіянальныя кааліцыі. Мы ставім перад сабой амбітную, але рэальную мэту – аб’яднанне ў дзеянні на карысць дэмакратыі сябраў НДА і незарэгістраваных грамадзянскіх ініцыятываў, асобных дэмакратычна арыентаваных грамадзян, беспартыйных і партыйных, а таксама пошук і падтрымка новых актывістаў.
Рух “За Свабоду” выкарыстоўвае існуючыя традыцыі арганізацыі скансалідаванай працы грамадзянскай супольнасці Беларусі і арганізуе дзейнасць у межах нацыянальных і лакальных кампаній. Наша задача – стварэнне асяродкаў вольных і салідарных грамадзянаў па ўсёй краіне. У многіх удзельнікаў Руху ёсць гісторыя поспеху ў гэтай працы. Рух “За Свабоду” – гэта чарговы этап паслядоўнай рэалізацыі абранай намі стратэгіі.
Я не прыпыняю супрацоўніцтва з сябрамі новай Палітычнай рады. Шчыра жадаю партыям поспеху, а іх лідэрам - наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне. У мяне няма партыі і я не бачу неабходнасці яе ствараць ва ўмовах аўтарытарызму. Я палітык і адначасова грамадзянскі лідэр. Лічу, што ў сённяшніх ўмовах менавіта мне прыпадае місія кансалідацыі шырокай дэмакратычнай супольнасці. Гэта таксама ёсць адказам на чаканні маіх прыхільнікаў.
* Згодна з дадзенымі Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, сярод больш за 1400 актывістаў, якія звярнуліся да іх па дапамогу, 87% не з’яўляюцца сябрамі ані партый, ані грамадскіх аб’яднанняў.
Перайсці да спісу


