Выступ А.Мілінкевіча на Кангрэсе дэмакратычных сіл
Шаноўныя дэлегаты!
Паважаныя госці, прадстаўнікі дыпламатычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі.
Асобна хачу павітаць тых, хто бараніў гістарычную праўду ў Курапатах, тых, хто год назад прыйшоў на плошчу, тых, хто быў у намётавым мястэчку.
Дзякуй Вам за тое, што Вы бароніце гонар Беларусі!
Прэзідэнцкія выбары былі адной з лепшых кампаніяў, якія здолелі арганізаваць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў нашай краіны. У значнай ступені мы абудзілі грамадства, пазбавілі людзей страху, далі людзям надзею. Гэта быў наш поспех, і звязаны ён быў з тым, што мы збольшага здолелі аб’яднаць дэмакратычныя сілы. Мы не прайгралі. Нельга прайграць у спаборніцтве, якога няма. У сённяшняй Беларусі на выбарах ніхто не лічыць галасы. Мы пайшлі шчыра змагацца, пайшлі да людзей і нас падтрымалі. Тысячы людзей прыходзілі на сходы і мітынгі па усёй краіне. Дзякуй усім тым, хто працаваў у мінулай кампаніі, нізка Вам кланяюся, дзякуй, што Вы змагаецеся і церпіце рэпрэсіі. Мы прадэманстравалі, што ёсць альтэрнатыва, што мы аб’ядналіся. Гэта быў знак, што мы моцныя і можам перамагчы.
Нам у першыню ўдалося арганізаваць сістэму абарону рэпрэсаваных. Гэта заслуга не Мілінкевіча, не Палітрады, гэта заслуга тысячаў і тысячаў людзей, якія прадэманстравалі, што, ёсць людзі якія хочуць змагацца за Свабоду, і ўрэшце рэшт ёсць людзі, якія маюць чалавечую годнасць. Дзякуючы гэтым выбарам улада зразумела, што ніколі яна не выйграе ў Беларусі адкрытыя і свабодныя выбары.
Вынікам прэзідэнцкай кампаніі было тое, што ў Еўрапейскім Саюзе зразумелі, што ліквідацыя дыктатуры праз далучэнне да Расіі немагчыма. Мы за добрасуседскія адносіны з Расія, але далучэннем Беларусі да Расіі мы не набудзем дэмакратыю, а згубім незалежнасць. Дзякуючы змаганню на выбарах у нас таксама паверылі як у еўрапейскую краіну, у нас паверылі як у еўрапейскі народ.
У стане дэмакратычных сіл існуе глыбокі крызіс. Крызіс, пра які мы павінны казаць, каб лячыць хваробу. Пасля прэзідэнцкіх выбараў ад нас пачалі зыходзіць людзі. Яны зняверыліся, што мы больш чым за год не змаглі арганізаваць сур’ёзнай канкрэтнай працы. Мы страцілі тую хвалю, якую самі паднялі. Трэба яе выпраўляць сціснуўшы амбіцыі.
Пасля выбраў неабходна захаваць тую структуру, у якой мы працавалі. Адзіны штаб, адзіная праграма дзеянняў і адзіны лідэр. Я не веру, што без вызначэння лідэра можна змагацца з дыктатурай. Лідэр павінен быць і гэта мая цвёрдая пазіцыя.
Мы не выканалі Стратэгію, якая была распрацаваная, бо не змаглі стварыць Выканаўчы камітэт з-за ўнутраных спрэчак. Я вельмі непакоюся, што ў выніку сённяшняга Кангрэсу, мы абярэм органы, які будуць мець яшчэ менш шансаў на тое, каб каардынаваць нашыя дзеянні.
Змаганне за ўладу ў краіне мы падмянілі змаганнем унутры апазіцыі. Кааліцыя – гэта сімвал аб’яднання, дзякуючы кааліцыі мы шмат, што зрабілі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Але кааліцыя – гэта не “свяшчэнная карова”, гэта не мэта дэмакратычных сіл, кааліцыя – гэта інструмент, гэта сродак. І калі інструмент не працуе, трэба падумаць як збудаваць гэты інструмент па-іншаму. Імітацыяй дзейнасці мы ніколі не здабудзем падтрымкі ў грамадзян, актывістаў і партнёраў. Дзейнасць – гэта ключавое слова. І толькі дзейнасць павінна стаць вынікам гэтага Кангрэсу.
Сённяшні Кангрэс выклікаў шмат дыскусіяў. Кангрэс, які жорстка падзяліў на адных і другіх, выклікаў напружанасць унутры дэмакратычнага грамадства. Я непакоюся, што гэты Кангрэс будзе не платформай для шырокага абмеркавання і дыскусіяй, а парасонавай структурай з удзелам некалькіх партыяў. Упершыню з сямі Кангрэсаў, якія мы праводзім, жорстка абмяжоўвацца правы вядомых і выбітных грамадзян нашай краіны. Вызначаецца, хто лепшы ў краіне навуковец ці пісьменнік.
Не пусцілі ў гэтую залю людзей, якія стаялі на Плошчы і былі кінуты ў турмы. Сярод тысячаў рэпрэсаваных 87% - гэта людзі, якія не належаць ні да партый ні да грамадскіх арганізацыяў. І гэтым людзям не адчынілі дзверы нашага форуму
Стратэгія самае галоўнае ў нашай працы. Стратэгія вызначае чаго мы зможам дамагчыся, што мы ёсць. Стратэгія, прапанаваная для прыняцця на гэтым Кангрэсе, гэта Стратэгія чакання, а не дзейнасці. Перад тым, як праводзіць Круглыя сталы, мы павінны паказаць, што мы моц. І над гэтым трэба працаваць. Таму я заклікаю Вас спыніцца на самым галоўным – на стратэгіі. Калі стратэгія будзе стратэгіяй чакання, круглых сталоў, то тады лідэр непатрэбны. З такой стратэгіяй мы можам абмяркоўваць і дыскутаваць, але не змагацца. Для змагання патрэбны лідэр, які будзе выводзіць людзей на вуліцу. Замена лідэра круглым сталом у бальшыні грамадства будзе ўспрынятая, як параза.
Я гатовы ўзяць адказнасць на сябе, я прапаную сябе тым, хто ў мяне верыць. Рух “За свабоду” – гэта спроба даць магчымасць рэалізавацца тым, хто хоча ісці хутчэй, тым, хто хоча стартаваць ужо сёння. Рух, які мы ствараем, адкрыты для ўсіх і для актывістаў партый і для сябраў грамадскіх аб’яднанняў
Я дзякую ўсім тым, хто мяне падтрымлівае і тым, хто мяне не падтрымлівае. Я не буду вылучаць сваю кандыдатуру ў якасці аднаго з сустаршыняў. Я ўпэўнены, што толькі ў пошуку працы, мы здольныя разам наблізіць дзень перамогі, дзень, калі мы станем вольнымі людзьмі ў вольнай краіне.
Жыве Беларусь!
Перайсці да спісу



