Заклік Аляксандра Мілінкевіча ў сувязі з шматлікімі затрыманнямі моладзевых актывістаў
На працягу апошняга тыдня супрацоўнікі міліцыі і КДБ распачалі сапраўднае паляванне на моладзевых актывістаў дэмакратычнага руху. Яны сочаць за імі на вуліцы, арыштоўваюць на плошчах і ў метро, праводзяць ператрусы ў кватэрах, імкнуцца любымі спосабамі ізаляваць маладых людзей. Пры гэтым супрацоўнікі праваахоўных органаў дзейнічаюць бесцырымонна і цынічна, у масавым парадку парушаючы закон.
Не маючы законных падставаў для затрыманняў, арыштаў і ператрусаў, замест таго, каб шукаць сапраўдных злачынцаў, яны чыняць расправу над грамадска актыўнай моладдзю. Гэтым дэманструючы ўсяму свету, што ў Беларусі ўлада парушае правы чалавека.
Упэўнены, што далейшыя рэпрэсіі не запалохаюць беларускую моладзь. Наадварот, незаконныя дзеянні ўлады вядуць да яшчэ большага супраціву і актыўнага змагання за свае правы беларускіх грамадзянаў.
Заклікаю беларускую і сусветную дэмакратычную грамадзкасць, а таксама прадстаўнікоў замежных урадаў і арганізацыяў прыходзіць на так званыя суды і выказваць сваю падтрымку ўсім, хто патрапляе пад молат палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Перайсці да спісу


