Выступы і заявы

Выступы і заявы
 Галоўная

Заява А.Мілінкевіча адносна вылучэння ўрадам Беларусі сваёй кандыдатуры ў Раду па правах чалавека ААН

10:00:16 11/05/07,

Урад Беларусі вылучыў сваю кандыдатуру на месца ў Радзе па правах чалавека ААН на выбарах, якія адбудуцца 17 мая 2007 года.

 

Беларускія дэмакратычныя сілы разам з дэмакратычнымі няўрадавымі арганізацыямі рашуча выступаюць супраць надання беларускаму ўраду месца ў органе ААН, мэтай якога з'яўляецца заахвочванне паўсюднай павагі да абароны ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод.

 

У Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя – у турме цяпер знаходзяцца лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, палітычныя лідэры і грамадскія актывісты Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Клімаў, Артур Фінкевіч, Мікола Аўтуховіч, Кацярына Садоўская. Як былы кандыдат у прэзідэнты я таксама быў зняволены па відавочна палітычных прычынах.

 

Урад Беларусі нязменна не адпавядае мінімальным міжнародным стандартам у сферы абароны правоў чалавека, гэтым самым парушаючы ўласныя міжнародныя і нацыянальныя абавязальніцтвы, замацаваныя ў дакументах ААН і АБСЕ, а таксама ў Канстытуцыі Беларусі. За апошняе дзесяцігоддзе як ААН, так і рэгіянальныя міжнародныя арганізацыі рэгулярна выступалі з асуджэннем урада Беларусі за ягоны дрэнны паслужны спіс у сферы захавання правоў чалавека, які пастаянна пагаршаецца. Гэты варты жалю паслужны спіс грунтуецца, між іншага, на пераследзе і закрыцці арганізацый грамадскай супольнасці, пераследзе і прыцягненні да судовай адказнасці абаронцаў правоў чалавека, затрыманнях і арыштах журналістаў і палітычных актывістаў, а таксама тым факце, што ніводныя з праведзеных у апошняе дзесяцігоддзе выбараў не былі свабоднымі і справядлівымі.

 

У 2006 годзе становішча з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі чалавека ў Беларусі няўхільна

 пагаршалася, што адлюстравана ў Дакладзе Спецыяльнага дакладчыка Рады па правах чалавека ААН Адрыяна Северына (A/HRC/4/16, 15 студзеня 2007 года).

 

Гэта даказвае, што ўрад Беларусі няздольны датрымлівацца высокіх стандартаў у сферы правоў чалавека і поўнасцю супрацоўнічаць з Радай па правах чалавека ААН. Відавочна, што сёння яго членства ў Радзе ў нацыянальным вымярэнні паслужыць толькі мэтам афіцыйнай прапаганды і пацягне за сабой далейшае пагаршэнне становішча праваабарончых структур і праваабаронцаў у краіне. У міжнародным вымярэнні беларускі ўрад выкарыстае сваё членства ў Радзе па правах чалавека ў якасці шчыта ад крытыкі, што безумоўна паўплывае на ўпэўненасць у тым, што гэты нядаўна створаны орган ААН будзе здольны дасягнуць сваіх канцавых мэтаў.

 

Мы заклікаем усе дзяржавы-члены ААН не падтрымліваць кандыдатуру ўрада Беларусі. Адначасова, з улікам таго, што становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі вымагае адмысловай увагі з боку Рады па правах чалавека і іншых органаў ААН, мы заклікаем падоўжыць мандат Спецыяльнага дакладчыка Рады па правах чалавека па сітуацыі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі не толькі ў часавым вымярэнні, але і ў тым, што тычыцца яго сферы кампетэнцыі і рэсурсаў.



Перайсці да спісу
Каляндар падзеяў

 

6 - 7  жніўня

Віцебская вобласць. Збор подпісаў за кандыдатаў ад АДС з удзелам А.Мілінкевіча

 

8 - 9  жніўня

Гомельская вобласць. Збор подпісаў за кандыдатаў ад АДС з удзелам А.Мілінкевіча